У Беларусі працуюць інструктары, якія ваявалі ў Сірыі, Лівіі і Украіне
Трэніруецца спецназ унутраных войскаў РБ / sb.by
Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Мікалай Карпянкоў анансаваў стварэнне да лета новага спецпадраздзялення, якое будзе дзейнічаць у Гомельскай вобласці. Паводле яго слоў, у яго будуць "аналагічныя функцыі", як у спецпадраздзялення "Рысь", створанага ў канцы мінулага года. Яно мусіць займацца барацьбой з "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсійна-разведвальнымі групамі".
Летась Карпянкоў заяўляў пра стварэнне пры вайсковай часці 3214 спецпадраздзялення "Смерч". З цяперашняй яго заявы не зразумела, ці ён мае на ўвазе заканчэнне яго фармавання, ці ўсё ж нейкае новае падраздзяленне.
Камандуючы ўнутранымі войскамі адзначыў, што для падрыхтоўкі спецпадраздзяленняў ёсць "выдатны вучэбны цэнтр", які прайшоў "рэстаўрацыю". Нібыта, нічога падобнага няма ў Расіі, Казахстане і Узбекістане.
"Ён стане цэнтрам спецыяльнага прызначэння з велізарнай камандай інструктараў, якія валодаюць вопытам удзелу ў баявых дзеяннях у Сірыі, Лівіі, Украіне, — цытуе словы Мікалая Карпянкова sb.by. — Бясцэнныя спецыялісты будуць перадаваць свае веды байцам..., абкатваць гэтае падраздзяленне, а потым старацца ўкараніць напрацоўкі ва ўсіх унутраных войсках, у тым ліку для салдат тэрміновай службы".
Новыя спецпадраздзяленні ствараюцца ў МУС на фоне вайны ва Украіне і з-за страхаў цяперашніх уладаў РБ перад беларускімі добраахвотнікамі, якія могуць вярнуцца на радзіму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.