Карпянкоў расказаў пра адказ на план "Перамога"

Мікалай Карпянкоў / кадр з відэа
Мікалай Карпянкоў / кадр з відэа

У Беларусі з сілавікоў сфармаваны атрад добраахвотнікаў, якія адкажуць на апазіцыйны план "Перамога". Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў.

Ён падкрэсліў, што гэта не мабілізацыйныя мерапрыемствы: "Байцы, якія прайшлі 2020, 2021, 2022 гады, якія былі ў гэтых баявых парадках, якія з'яўляюцца нашымі людзьмі — цяпер яны прыбылі сюды без мабілізацыі па ўласным жаданні. Па ўласным жаданні былі выпісаныя позвы, і людзі прыбылі сюды, і мы не маглі тут усіх прыняць. Мы сфармавалі атрад, які па колькасці — два батальёны. І гэтыя два батальёны займаюцца тут, высокаматываваныя маладыя людзі, якія прайшлі школу спецназу".

На АНТ заявілі, што больш за 300 байцоў спецназу добраахвотна вярнуліся на зборы ў вайсковую часць 3214.

Карпянкоў назваў добраахвотнікаў адказам на план "Перамога" і на іншыя сілавыя структуры, якія стварае беларуская апазіцыя.

"І гэта вось менавіта наш адказ на ўсе планы "Перамога", на ўсе батальёны Каліноўскага і іншыя брыгады", — заявіў намеснік міністра.

Мабілізацыйны план "Перамога" стварае арганізацыя былых сілавікоў ByPol. Мяркуецца, што ўдзельнікі гэтага плана ўнутры Беларусі і за яе межамі прымуць удзел у змене рэжыму. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі