Прэзідэнт Паўднёвай Карэі прабачыўся за спробу ўвесці ваеннае становішча
Юн Сок Ёль у тэлезвароце запэўніў грамадзян краіны, што не будзе паўтараць гэтае рашэнне.
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль выступіў з публічным прабачэннем пасля няўдалай спробы ўвесці ваеннае становішча, якая адбылася 3 снежня, перадае BBC. У двуххвілінным тэлевізійным звароце ён пакланіўся і сказаў:
"Гэтае рашэнне было прынята з адчаю. Яно прынесла людзям неспакой і нязручнасці. Я вельмі шкадую і прашу ў вас прабачэння".
Юн Сок Ёль таксама запэўніў грамадзян краіны, што больш не будзе спрабаваць уводзіць ваеннае становішча, нягледзячы на занепакоенасць апазіцыі.
Ён адзначыў, што далейшы лёс яго прэзідэнцтва залежыць ад рашэння яго партыі "Сіла народа". Аднак прэзідэнт не заявіў аб гатоўнасці пайсці ў адстаўку і не ўзгадаў пра маючае адбыцца ў парламенце галасаванне па імпічменце.
Нагадаем, што 3 снежня прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль тлумачыў сваё рашэнне ўвядзення ваеннага становішча неабходнасцю "выкаранення паўночнакарэйскіх сіл".
У сімпатыях да КНДР кіраўнік дзяржавы абвінаваціў апазіцыю, якая спрабуе абвясціць яму імпічмент. Ён назваў парламент "групай злачынцаў" і заявіў, што выканаўчая ўлада паралізаваная праз дзеянні "прыхільнікаў КНДР".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.