Беларуса, якога затрымлівалі на пратэстах у Грузіі, выпусцілі з СІЗА
Яўген Муравіцкі
Беларуса Яўгена Муравіцкага, якога затрымлівалі на пратэстах у Грузіі, раніцай у панядзелак выпусцілі з СІЗА. Аднак на 3 снежня яму прызначаны візіт у міграцыйную службу. На яго складалі пратакол аб "абразе спецназаўца", піша @mediazona_by.
Пра затрыманне 25-гадовага Муравіцкага стала вядома ў суботу. У той дзень паліцыя затрымала ў Тбілісі больш за 100 чалавек. "Схапілі і панеслі. Некалькі разоў паспелі ўдарыць", — расказаў беларус Радыё Свабода пра сваё затрыманне.
Грузіны выйшлі на вуліцы пасля таго, як прэм'ер-міністр Іраклій Кабахідзэ з кіроўнай партыі "Грузінская мара" аб'явіў, што Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб уступленні ў Еўрасаюз. А перад гэтым грузінскі ўрад прыняў рашэнне аб прыпыненні еўраінтэграцыі. Раней Еўрапарламент не прызнаў вынікаў парламенцкіх выбараў у Грузіі, на якіх аб'явіла пра сваю перамогу "Грузінская мара". Падкрэсліваецца, што яны не адпавядалі міжнародным стандартам і абавязацельствам па арганізацыі свабоднага і сумленнага галасавання. Апазіцыйныя дэпутаты байкатуюць парламент, і там засталіся толькі праўладныя дэпутаты. Апазіцыя патрабуе правядзення новых парламенцкіх выбараў.
Ужо некалькі дзён запар у Тбілісі праходзяць шматтысячныя вулічныя акцыі пратэсту, якія жорстка разганяюць сілавікі.
Апазіцыя ў Грузіі заклікае грамадзян Грузіі запатрабаваць свой законны адпачынак і далучыцца да пратэстаў.
На баку пратэстоўцаў прэзідэнтка Саломе Зурабішвілі.
Нядаўна стала вядома, што Польшча ўвяла "асаблівыя меры" для выдачы гуманітарных віз беларусам у Грузіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.