У сёмы дзень пратэстаў у Грузіі затрымалі аднаго з лідараў апазіцыі
Супрацьстаянне ў Тбілісі, 4 снежня 2024-га
У сёмы дзень пратэстаў у Грузіі затрымалі аднаго з лідараў апазіцыі. Сілавікі вынеслі Ніку Гварамія ("Ахалі", "Кааліцыя за перамены"), трымаючы яго за ногі і рукі, і вывезлі са сталіцы — у ізалятар часовага ўтрымання ў горадзе Марнеулі (30 км ад Тбілісі). У сераду ў офісах апазіцыйных партый і рухаў прайшлі ператрусы (сярод іншых — у маладзёжнай арганізацыі апазіцыйнай партыі "Адзіны нацыянальны рух"), затрымлівалі актывістаў, піша kavkaz-uzel.eu.
Увечары 4 снежня пратэстоўцы зноў збіраюцца каля будынка парламента Грузіі. Яны перакрылі праспект Руставэлі. Удзельнікі мітынгу патрабуюць распусціць парламент і правесці датэрміновыя выбары.
Пратэсты праходзяць і ў Батумі.
Грузіны выйшлі на вуліцы пасля таго, як прэм'ер-міністр Іраклій Кабахідзэ з кіроўнай партыі "Грузінская мара" аб'явіў, што Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб уступленні ў Еўрасаюз. А перад гэтым грузінскі ўрад прыняў рашэнне аб прыпыненні еўраінтэграцыі. Раней Еўрапарламент не прызнаў вынікаў парламенцкіх выбараў у Грузіі, на якіх аб'явіла пра сваю перамогу "Грузінская мара". Падкрэсліваецца, што яны не адпавядалі міжнародным стандартам і абавязацельствам па арганізацыі свабоднага і сумленнага галасавання. Апазіцыйныя дэпутаты байкатуюць парламент, і там засталіся толькі праўладныя дэпутаты. На баку пратэстоўцаў прэзідэнтка Саломе Зурабішвілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.