Да чаго можа прывесці палітычны крызіс у Грузіі — меркаванне Гія Хухашвілі
Пратэсты ў Грузіі 30 лістапада
Вось ужо шэсць дзён, пачынаючы з 28 лістапада, у буйных гарадах Грузіі працягваюцца шматтысячныя акцыі пратэсту супраць рашэння праўладнай партыі "Грузінская мара" замарозіць перамовы наконт уступлення краіны ў ЕС. Сілавікі праводзяць жорсткія затрыманні, збіваюць людзей, выкарыстоўваюць вадамёты, слезацечны газ і гумовыя кулі, але пакуль не могуць прымусіць па-праеўрапейску настроеную частку грузінаў перастаць выходзіць на вуліцы.
Чым можа скончыцца гэты канфлікт улады і грамадзян Грузіі? Ці падобныя гэтыя пратэсты на падзеі 2020 года ў Беларусі? Як далёка грузіны могуць зайсці ў сваім супрацьстаянні? На гэтыя пытанні журналістцы Еўрарадыё адказаў грузінскі палітолаг Гія Хухашвілі.
— Сітуацыя ў Грузіі развіваецца вельмі хутка, адначасова адбываецца шмат падзей. Гэта і заявы рабочых аб спыненні вытворчасці. І школы, якія прыпыняюць навучальны працэс. І прэм'ер-міністр, які ўжо гаворыць пра тое, што яго не так зразумелі. Як вы ацэньваеце падзеі ў краіне?
— [Варта] разумець, што людзі лічаць, што ўлада вядзе краіну ў Расію. То-бок людзі выдатна разумеюць, што адзіная альтэрнатыва як мага хутчэйшай заходняй інтэграцыі — гэта вяртанне ў Савецкі Саюз.
І калі ўлада <...> заявіла, што прыпыняе перамовы [пра сяброўства ў ЕС], зразумела, што людзі палічылі гэта парушэннем Канстытуцыі. Парушэннем мандата, які ім дэлегавалі. Людзі ўспрынялі гэта як дзяржаўны пераварот. Парадаксальна, што людзі цяпер спрабуюць вярнуць уладу ў рамкі законнасці, у рамкі Канстытуцыі.
То-бок улада заявіла пра нейкі дзяржаўны пераварот, а людзі спрабуюць яе [палітыку ўладаў] вярнуць у рамкі Канстытуцыі. Вось што адбываецца.
Улада, вядома, маніпулюе, спрабуе сказаць, што яны не адмаўляюцца ад Еўропы, і гэтак далей, і да таго падобнае. Але разам з тым ясна, што яны паводзяць сябе менавіта як расійскія сатэліты, мяняюць сістэму кіравання паводле лякалаў, якія дыктуюцца з Крамля. Уводзяць заканадаўства, якое сінхранізуецца менавіта з расійскім і нічога агульнага не мае з еўрапейскім.
Улада спрабуе запудрыць мазгі. Гэта робіцца ўсё цяжэйшым, нягледзячы на масіраваную прапаганду.
— Наколькі нечаканым стала жорсткае здушэнне пратэстаў?
— Для мяне гэта было чакана. Чаму? Таму што раз яны ў прынцыпе сінхранізуюцца з Расіяй, яны паводзяць сябе згодна з тымі інструкцыямі, тымі шпаргалкамі, якія паступаюць з Крамля.
Цяпер наша паліцыя стала рыхтык расійскім АМАПам. І паводзяць яны сябе менавіта як у Расіі. Іншых аргументаў размаўляць з народам у іх не засталося, акрамя сілы. І цяпер яны спрабуюць гэтага джына, які выйшаў з бутэлькі, загнаць назад.
Цяпер адступіць назад таксама небяспечна. Бо калі яны зараз прадэманструюць слабасць, яны тым больш [страцяць кіраванне]. Яны гэта разумеюць. Яны цяпер змагаюцца не проста за нешта, [яны] змагаюцца за выжыванне. Гэта для іх барацьба не на жыццё, а на смерць. У іх іншага шляху не засталося, акрамя спробы сілай усё пераламаць.
— Беларусы глядзяць на кадры з Тбілісі і ловяць флэшбэкі, таму што ў 2020 годзе мы перажылі тое ж самае. Нас таксама разганялі вадамётамі, кідалі ў турмы. Мы таксама пападалі ў лякарні пасля разгонаў. Наша сітуацыя, як вы ведаеце, скончылася кепска — нас проста задушылі і сілай выціснулі з краіны. Ці няма асцярогі, што ў Грузіі ўсё скончыцца гэтак жа?
— Такія асцярогі ёсць. Але, у адрозненне ад Беларусі, думаю, тут шанцаў на негатыўнае развіццё падзей менш. Бо наша гістарычная памяць, эмпірычнае веданне даказваюць, што зламаць народ, калі ідзе такая барацьба, практычна ніколі не ўдавалася ніводнай уладзе.
Бо імкненне да свабоды заўсёды пераадольвала такія спробы. Ідзе цяжкая барацьба. Улада спрабуе [супраціўляцца, ёй] дапамагаюць з Расіі, гэта таксама зразумела.
Але нягледзячы на гэта, калі Захад таксама будзе паводзіцца адэкватна і, у прынцыпе, [ужо] падаспелі тыя абмежавальныя меры, якія яны анансавалі, я думаю, што [y нас ёсць] добрыя шанцы скончыць з гэтай узурпацыяй улады.
Гарантаванага нічога няма. Ідзе барацьба, ідзе вайна, сур'ёзная вайна. <...> Вы бачыце, што адбываецца, яны ламаюць [супраціў]. Але на наступны дзень выходзіць больш народу, усё больш і больш становіцца людзей. Цяпер ім трэба палову Грузіі пасадзіць у турму, па-іншаму [гэта] сілай не спыніць.
— Падчас пратэстаў затрымліваюць і замежных грамадзян, якія далучаюцца да акцый, каб падтрымаць грузінаў у іх барацьбе.
— Я не думаю, што на гэта трэба звяртаць увагу, бо зразумела: з Расіі шмат ФСБшнікаў [прыехала] у Грузію. Але ёсць людзі, якія проста збеглі ад таго рэжыму расійскага. Яны абжыліся ў Грузіі. Цалкам натуральна, што яны далучаюцца да пратэстаў.
Зразумела чаму. Бо яны лепш за нас ведаюць, чым гэта ўсё заканчваецца. Яны змагаюцца ў тым ліку і за сябе. А што да нейкіх [затрыманых] брытанцаў і гэтак далей, то гэта чыстая прапаганда.
— Беларусы таксама былі затрыманыя падчас пратэстаў. Ёсьць інфармацыя, што ўрад Грузіі ўводзіць негалосную забарану на ўезд у краіну замежнікаў, у тым ліку беларусаў. Ці ёсць верагоднасць, што грамадзяне Расіі і Беларусі, якія збеглі ў Грузію ад рэпрэсій у сваіх краінах, будуць проста дэпартаваныя?
— Усякага можна чакаць, калі яно сыдзе з рук. Тады ўжо канец гісторыі, як той казаў. Я вельмі спадзяюся, што да гэтага яны проста не дажывуць.
— Як далёка можа пайсці народ Грузіі, каб перамагчы?
— Разумееце, у чым рэч... Далёка. Цяпер галоўнае — разгайдаць сістэму. У нас маленькая краіна. Тут, калі спецназавец кагосьці збівае, ён з вялікай імавернасцю збівае свайго суседа ці сваяка. У выніку [адбываецца] зваротны ціск, калі да пункту кіпення даходзіць, сістэма пачынае развальвацца, пераходзіць у стадыю сабатажу.
Усе сваякі, усе адно аднаго ведаюць. Тут жа не так, як у Расіі, што ў Маскве б'юць [амапаўцы] з Чувашыі, якім пляваць, якіх ніхто не ведае. Тут усе ўсіх ведаюць, як бы яны маскамі ні прыкрываліся.
<...> Ва ўлады больш рэсурсаў фізічных, але маральных — нашмат менш. Так што цяпер галоўная тактычная задача — разгайдаць сістэму.
І мы бачым, што многія ўніверсітэты, многія школы, многія дзяржустановы, многія людзі ў дзяржустановах, у розных міністэрствах, розных дэпартаментах падпісваюць петыцыі. Ужо буйны бізнес пачынае пратэставаць. Сістэмныя банкі пачалі заявы рабіць.
Не думайце, што толькі на вуліцы ўсё адбываецца. Акрамя гэтага, ідзе працэс эрозіі сістэмы ўлады. Цяпер Бідзіна Іванішвілі [старшыня ўладнай партыі "Грузінская мара". — Еўрарадыё] сам фізічна не будзе на вуліцах ваяваць. Ён жа абапіраецца на сістэму. Сістэма паступова разгойдваецца і ў адзін цудоўны момант павінная абрынуцца.
— Сістэма, якую Бідзіна Іванішвілі ўсталяваў цяпер у Грузіі, — гэта дыктатура ці нешта падобнае?
— Гэта, хутчэй, пародыя на дыктатуру паводле тых лякалаў, якія прадыктаваныя з Масквы. Любая сістэма, любая дыктатура абапіраецца на нейкія рэсурсы, унутраныя рэсурсы, бо сістэму ўвесь час трэба падсілкоўваць. А ў нас няма нічога. Такія рэжымы наогул існуюць у краінах, дзе нейкі ўнутраны рэсурс для гэтага [ёсць], каб сістэму карміць.
Ну, ці нафта, нейкія выкапні, яшчэ нешта такое. А ў нас жа нічога такога няма. На што ўсё гэта абапіраецца? Толькі на дапамогу Расіі, непасрэдную. Такая рызыка ёсць? Вядома, узнікаюць. Але цяпер [трэба] казаць пра тое, што варта змагацца да канца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.