Апарат прэзідэнта Паўднёвай Карэі поўным складам падаў у адстаўку
Паўднёвакарэйскія вайскоўцы
Апарат прэзідэнта Паўднёвай Карэі ў поўным складзе падаў у адстаўку. Гэта адбылося зранку 4 снежня. Напярэдадні Юн Сок Ёль абвясціў ваеннае становішча, але пад ціскам парламента адмяніў яго праз некалькі гадзін.
Сам прэзідэнт адмяніў усе планы на сённяшнюю раніцу і не зрабіў новых заяваў да дзясятай гадзіны раніцы паводле мясцовага часу, перадае Бі-Бі-Сі.
Палітычная апазіцыя з Дэмакратычнай партыі, якая мае большасць у парламенце, кажа, што пачне працэдуру імпічменту, калі Юн Сок Ёль сам не падасць у адстаўку.
У Сеуле ды іншых гарадах краіны зранку аднавіліся дэманстрацыі за адстаўку прэзідэнта.
Як расказвала Еўрарадыё, напярэдадні прэзідэнт Паўднёвай Карэі на фоне пагрозы імпічменту абвясціў ваеннае становішча і абвінаваціў сваіх апанентаў у дзеяннях на карысць КНДР. Тым не менш дэпутаты змаглі сабрацца ў будынку парламента і большасцю галасоў (190 з 300) адмянілі ваеннае становішча. Праз некаторы час пасля гэтага Юн Сок Ёль адклікаў вайскоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.