МУС стварыла са спецназаўцаў запасу два атрады спецпрызначэння — Карпянкоў
Мікалай Карпянкоў / sb.by
Ва ўнутраных войсках (УВ) МУС створаныя два атрады спецпрызначэння — "Смерч" і "Рысь". Пра гэта ў каментары газеце "СБ. Беларусь сегодня" расказаў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі, генерал-маёр Мікалай Карпянкоў.
"Смерч" створаны пры вайсковай часці 3214, "Рысь" — пры вайсковай часці 5529. Абедзве часці размяшчаюцца ў Мінску.
Атрады склалі добраахвотнікі — спецназаўцы запасу. Амаль два тыдні яны былі на навучальна-метадычным зборы на базе новага цэнтра спецпадрыхтоўкі УВ МУС "Валоўшчына" ў Мінскім раёне.
Паведамляецца, што асноўныя задачы, якія будуць выконваць гэтыя атрады, — барацьба з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсійна-разведвальнымі групамі.
"Для іх ужо закупленыя самыя сучасныя бронекамізэлькі і каскі. Будзем аснашчаць "Смерч" цеплавізарамі, беспілотнымі лятальнымі апаратамі", — заявіў Карпянкоў.
Раней ён заяўляў, што добраахвотнікі — спецназаўцы запасу складуць атрад для супрацьдзеяння апазіцыйнаму плану "Перамога".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.