Карыкатура на святароў "не адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю дзяржавы"
Публікацыя "Мінскай праўды" ў № 68 ад 7 верасня не адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю дзяржавы ў адносінах да Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Аб гэтым паведаміў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак у лісце ад 9 верасня на імя старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, біскупа Алега Буткевіча, пішуць catholicnews.by.
У лісце таксама адзначаецца, што гэтыя матэрыялы "Мінскай праўды" не спрыяюць падтрыманню міжканфесійнага міру і згоды ў краіне. Мінінфармацыі пісьмова апавясціла кіраўніцтва "Мінскай праўды" аб недапушчальнасці падобнага роду публікацый.
Раней Еўрарадыё паведамляла пра тое, што 7 верасня дзяржаўная газета "Мінская праўда" выйшла з карыкатурай на каталіцкіх ксяндзоў, якія робяць з крыжа свастыку і спяваюць "Магутны Божа". Малюнак быў размешчаны на першай паласе газеты.
Выхад гэтай карыкатуры пракаментаваў у Фэйсбуку прэс-сакратар Каталіцкага касцёла ў Беларусі Юрый Санько. Ён расцаніў гэты малюнак як плявок у твар мільёнам каталікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.