Рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску можа зацягнуцца на паўтара-два гады

Чырвоны касцёл у Мінску

Чырвоны касцёл у Мінску / turby.by

Рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску можа зацягнуцца на паўтара-два гады. Меркаваны тэрмін "рэстаўрацыі" назваў пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз Франц Рудзь. Дакладныя планы ўладаў па работах у храме дагэтуль невядомыя, але калі яны маштабныя, то на гэта спатрэбіцца час. Сродкі могуць закласці ў інвестыцыйную праграму сталіцы на наступны год, і толькі тады будзе магчымы пачатак асноўных работ, піша katolik-life.

Касцёл быў закрыты ўладамі для вернікаў і святароў у верасні 2022 года пасля невялікага пажару. Будынак дагэтуль належыць дзяржаве, а вернікам давалі права толькі карыстацца ім. Чыноўнікі заявілі, што яму патрэбны рамонт. Дату пачатку рамонту некалькі разоў пераносілі, спасылаючыся на дапрацоўку дакументацыі.

Сёлета ад парафіі запатрабавалі вывезці цалкам усе рэчы, нават самыя грувасткія. І ў сакавіку з Чырвонага касцёла вывезлі рухомую маёмасць. Цяпер яна знаходзіцца ў старым храме ў адной з вёсак Мінскага раёна. Частка рэчаў захоўваецца ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры.

Вернікі кажуць, што некаторым памяшканням стаў патрэбны рамонт пасля двух з паловай гадоў, пакуль у храм нікога не пускалі. У будынку некалькі разоў прарывала вадаправод, ад чаго пачала распаўзацца вільгаць. Улетку памяшканні ніхто не праветрываў і не адпампоўваў ваду з падвала пасля дажджоў.

Рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску можа зацягнуцца на паўтара-два гады
katolik-life

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.