КДБ выпусціў сенатара Андрэя Паўлоўскага пад хатні арышт
Заснавальнік гродзенскай кампаніі "Біякам", сенатар Андрэй Паўлоўскі знаходзіцца пад хатнім арыштам, паведамляе партал tut.by. Начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын паведаміў, што падчас расследавання крымінальнай справы Паўлоўскага выявіліся новыя акалічнасці, якія дазволілі змяніць меру стрымання.
Напрыканцы кастрычніка Камітэт дзяржбяспекі затрымаў бізнэсоўца. 30 кастрычніка Савет Рэспублікі пазбавіў Паўлоўскага недатыкальнасці пасля выступу старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Ён заявіў, што структуры Паўлоўскага ўтойвалі падаткі. У прыватнасці, яго вінавацяць у нявыплаце падаткаў на 144 мільярды рублёў пры пастаўках харчовых дабавак, ветэрынарных прэпаратаў, а таксама матэрыялаў і тэхналагічнага абсталявання для аграпрамысловага комплексу.
У КДБ казалі, што злачынную схему ініцыявала група кампаній "Біякам", уключыўшы ў яе шэраг падкантрольных замежных камерцыйных структур з васьмі краін. Па звестках КДБ, прадпрымальнікі замянялі на мытні міжнародныя суправаджальныя дакументы на фіктыўныя. Пры гэтым кошт тавараў завышаўся ў тры разы, таму на беларускім рынку тавары прадаваліся з мінімальнай гандлёвай надбаўкай. А гэта дазваляла прадпрымальнікам плаціць падаткі толькі з невялікай сумы.
Ананімная крыніца паведаміла tut.by, што Паўлоўскага "выпусцілі, каб ён кіраваў прадпрыемствам, запусціў завод і шукаў грошы для пакрыцця шкоды дзяржаве ў поўным памеры".
Раней кампанія "Біякам" распаўсюдзіла заяву, што затрыманне Паўлоўскага можа негатыўна адбіцца на працы 700 прадпрыемстваў Беларусі.
Фота: ctv.by