Кіраўнік расійскага Мінфіну звязаў крэдыты для Беларусі з інтэграцыяй
Выплата Беларусі кампенсацыі за падатковы манеўр у расійскай нафтавай галіне або выдача крэдыту магчымыя пасля таго, як краіны выпрацуюць агульны падыход да інтэграцыі. Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік расійскага Мінфіна Антон Сілуанаў падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму. На думку міністра, пакуль што не варта прымаць рашэнні наконт кампенсацыі.
"Пазіцыя, якую мы выказалі Беларусі: нам неабходна прымаць комплексныя рашэнні, якія тычыліся б бачання нашай далейшай інтэграцыі ў частцы Саюзнай дамовы. І, адпаведна, тады мы будзем разумець арбіту нашых фінансавых узаемаадносінаў", — адзначыў Сілуанаў.
Пры гэтым расійскі міністр кажа, што Масква "не ставіць нейкіх умоваў і прапановаў", што Мінск мусіць зрабіць для атрымання кампенсацыі, піша kommersant.ru
Напярэдадні прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што гаворкі аб аб'яднанні Расіі і Беларусі "няма і быць не можа".