Кожная з 4,7 млн агітацыйных паштовак абышлася Лукашэнку ў... 5 капеек?
Паштоўка "За Лу... За Беларусь!" / Еўрарадыё
"Усё залежыць толькі ад нас. Моц і сілу дзяржавы, непахіснасць яе суверэнітэту вызначае народ сваёй працай, адзінствам і адданасцю роднай зямлі". А. Р. Лукашэнка. Паштоўкі з такой цытатай кіраўніка дзяржавы беларусы знайшлі ў сваіх паштовых скрынках за дзень да выбараў.
Тыраж, пазначаны на паштоўцы, гіганцкі: 4 млн 700 тысяч экзэмпляраў. За якія грошы гэта надрукавана?
Па звестках ЦВК ад 12 жніўня, у выбарчы фонд кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі паступіла 258 712 рублёў, з якіх было выдаткавана 242 978 рублёў. Дапусцім, усе іх ён выдаткаваў на паштоўкі. Дзелім 242 978 на 4,7 млн. Кожная паштоўка з каляровым двухбаковым друкам на шчыльнай паперы і з дастаўкай па паштовых скрынках абышлася кіраўніку дзяржавы... у 5 капеек!
Па Выбарчым кодэксе, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь не маюць права аказваць іншую матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, акрамя ўнясення грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд і ў выбарчыя фонды кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Кандыдат мае права адкрыць толькі адзін спецыяльны выбарчы рахунак.
Інакш кажучы, нават калі б Лукашэнка хацеў надрукаваць паштоўкі, па кодэксе ён не меў права выдаткаваць на іх больш грошай, чым было на яго выбарчым рахунку.
Юрый Чавусаў, юрыст і эксперт у выбарчым заканадаўстве, расказвае Еўрарадыё, што падчас мінулых выбарчых кампаній Аляксандра Лукашэнку не раз абвінавачвалі ў незаконным выкарыстанні бюджэтных сродкаў.
"Такія парушэнне ніколі не разглядаліся Цэнтрвыбаркамам як дастатковыя для зняцця кандыдата ў прэзідэнты з выбарчай гонкі. Падобныя паштоўкі, здаецца, з'явіліся на мінулых прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе. На іх ужо былі скаргі. Памятаю, Ігар Лялькоў, давераная асоба Таццяны Караткевіч, паказваў гэтую паштоўку ў ЦВК як прыклад незаконнай агітацыі".
Спробы зняць Лукашэнку з прэзідэнцкай гонкі праз незаконнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў рабіліся і сёлета. Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў звярнуў увагу, што для збору подпісаў дзейны прэзідэнт выкарыстаў адміністрацыйны рэсурс і дзяржфінансаванне. Апазіцыйны палітык патрабаваў ад ЦВК адмовіць Аляксандру Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Не выйшла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.