Кожны пяты светлагорац працаздольнага веку трапіў у "дармаеды"

"Антыдармаедская" акцыя пратэсту, архіўнае фота

"Антыдармаедская" акцыя пратэсту, архіўнае фота / Еўрарадыё

У Светлагорскім раёне налічылі дзевяць тысяч чалавек, уключаных у базу "дармаедаў". Такую лічбу назвалі на пасяджэнні прэзідыума райсавета, піша газета "Светлагорскія навіны".

Як падлічыў "Флагшток", у базу "працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы" трапіў кожны пяты жыхар раёна працаздольнага ўзросту (больш за 21%). Агулам у раёне пражываюць 75,8 тысячы чалавек. У працаздольным веку з іх знаходзяцца 53,6% (даныя за 2018 год) — гэта каля 41 тысячы чалавек.

Пры гэтым сярод непрацуючых ёсць людзі з "паважнай прычынай" — напрыклад, інваліднасць ці дэкрэтны адпачынак. Тады адсотак "дармаедаў" сярод рэальна працаздольных атрымліваецца яшчэ вышэйшы.

Дарэчы, год таму — у лістападзе 2023-га — светлагорская раёнка пісала, што ў раёне толькі каля 1,5 тысячы "грамадзян, не занятых у эканоміцы", якія ў поўным аб'ёме аплачваюць гарачае вода- і цеплазабеспячэнне. Можа быць, у базе "дармаедаў" было і больш чалавек, але аплачваць камунальныя паслугі па поўных тарыфах абавязваюць толькі ўласнікаў жылля.

Дарэчы, чыноўнікі расказалі і пра тое, як дапамагаюць "дармаедам" уладкавацца на працу. Сёлета камісія па садзейнічанні ў працаўладкаванні разгледзела справы 118 "дармаедаў", але ўладкаваць на працу змагла толькі 39 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі