Крымскія татары правядуць свой рэферэндум па статусе паўвострава
Пра гэта лідар крымскіх татараў, народны дэпутат Украіны Мустафа Джамілеў заявіў у сваім выступе ў Савеце Еўропы ў Брусэлі.
Пазачарговая другая сесія курултая крымскататарскага народа адбудзецца 29 сакавіка 2014 года ў Бахчысараі. На ёй будзе прынятае рашэнне аб рэферэндуме сярод крымскіх татараў, інфармуе censor.net.ua.
У рамках працоўнага візіту ў Брусэль Джамілеў выступіў з дакладам у Савеце Еўропы перад парламентарамі. Напярэдадні візіту ў Амерыку ён прыняў удзел у форуме "Дэмакратычныя рэформы і прыклад Украіны", на якім выказаў сваё меркаванне з нагоды рэферэндуму 16 сакавіка ў Крыме.
"Наш рэферэндум у адрозненне ад расійскага не будзе фальшывым. У Нью-Ёрку, на Савеце Бяспекі ў ААН, я маю намер закрануць гэтую праблему. Крымскія татары правядуць свой рэферэндум пра статус Крыма", — заявіў Джамілеў.
Ён паведаміў, што з-за боязі тэрору пэўная частка жанчын і дзяцей крымскіх татараў была вымушаныя пакінуць межы Крыма. Таксама ён адзначыў, што рэакцыя на акупацыю Крыма недастатковая.
Фота — УНІАН