Латвія можа размясціць супрацьтанкавыя міны і бетонныя зубы на мяжы з РБ і РФ
"Зубы цмока" мусяць калі не спыніць, то затрымаць танкі і бронетэхніку / Ілюстрацыйнае фота ria.ru
Латвія можа размясціць супрацьтанкавыя міны і бетонныя зубы на мяжы з Беларуссю і Расіяй. Пра гэта заявіла кіраўніца латвійскага Мінабароны Інара Мурніецэ. Паводле яе слоў, цяпер абмяркоўваецца ўзмацненне бяспекі ўсходняй мяжы Латвіі (створана працоўная група пад кіраўніцтвам Мінабароны і МУС). Гэта прадугледжана абноўленай канцэпцыяй дзяржаўнай абароны, паведамляе Delfi.
"МУС адказвае за будаўніцтва плота [на мяжы], устаноўку датчыкаў, кабеляў, і гэта павінна быць зроблена як мага хутчэй, — кажа міністр. — Але мяжа павінна быць добраўпарадкаваная і з ваеннага пункту гледжання, таму што мы бачым, як хутка развіваецца сітуацыя ў Беларусі".
Будуць праводзіцца даследаванні наконт таго, у якой мясцовасці на мяжы з РБ і РФ мэтазгодна ўсталяваць танкавыя зубы, металічныя ці бетонныя канструкцыі, а таксама супрацьтанкавыя міны.
"Маё бачанне і палітычная пазіцыя заключаюцца ў тым, што прывядзенне мяжы ў парадак павінна быць завершана да канца гэтага года, — працягвае Інара Мурніецэ. — Пры гэтым антымабільныя меры [усталяванне тых жа бетонных зубоў на мяжы] павінны быць рэалізаваны ва ўсім Балтыйскім рэгіёне. Супрацоўніцтва з Эстоніяй вельмі цеснае, і я спадзяюся, што Літва таксама далучыцца, а Польшча заўсёды была актыўнай".
З-за міграцыйнага крызісу, адказнасць за які ўскладаецца на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, улады Латвіі вымушаны ўмацоўваць ахову мяжы з РБ (а яшчэ ў Рызе былі заклапочаны з'яўленнем у Беларусі вагнераўцаў і чакалі правакацый). Да канца 2023-га будзе закончана будаўніцтва плота на мяжы (да лета наступнага года застанецца яго ўзвесці ўздоўж рэк і азёр).
Жалезная заслона паміж Беларуссю і Захадам можа стаць яшчэ цяжэйшай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.