Літва, Латвія і Эстонія адключацца ад адзінага энергетычнага кальца з Беларуссю
Электрычнасць
Літва, Латвія і Эстонія ў найбліжэйшыя дні паведамяць Беларусі і Расіі пра выхад з адзінай энергетычнай сістэмы БРЭЛЛ, гаворыцца ў заяве кіраўнікоў энергетычных ведамстваў гэтых краінаў. Да лютага наступнага года тры краіны будуць гатовыя сіхнранізавацца з еўрапейскай электрасеткай.
"У найбліжэйшыя тыдні аператары сістэмы перадачы электраэнергіі краінаў Балтыі праінфармуюць іншых удзельнікаў кантракту аб сумесным рашэнні не працягваць кантракт BRELL і выйсці з сістэмы ў лютым 2025 года", — цытуе паведамленне літоўскага міністэрства мясцовае выданне LRT.
Сістэма BRELL, пра якую ідзе гаворка, была створаная ў 2001 годзе. Яна называецца паводле першых літараў краінаў, якія ў яе ўваходзяць: Беларусь, Расія, Эстонія, Латвія і Літва. Сістэма прадугледжвае сувязь ліній электраперадач усіх гэтых пяці дзяржаваў у адно электрычнае кальцо. У выпадку аварыйных сітуацый краіны гарантуюць адна адной падтрымку рэзервамі.
Рашэнне пра выхад з кальца краіны прынялі яшчэ ў 2019 годзе, але для вырашэння тэхнічных пытанняў патрэбны быў час. Літва хацела адключыцца ад агульнай энэргасістэмы з Беларуссю і Расеяй яшчэ раней, у 2024 годзе. Але для гэтага ёй патрэбная была падтрымка Эстоніі і Латвіі. Эстонія ж згаджалася толькі на дэдлайн у канцы 2025 года. У выніку тры краіны здолелі прыйсці да кансенсусу і дамовіцца адключыцца ад агульнай з Беларуссю і Расіяй энэргасістэмы да лютага 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.