Літва таксама ўвяла абмежаванні для транзітных аўто, якія едуць у Беларусь
На літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота
Літва перастала прапускаць у Беларусь аўтамабілі на транзітных нумарах з рухавіком больш за 1,9 літра і даражэй за 50 тысяч еўра. Пра гэта піша сайт "Зеркало" са спасылкай на аўтамабільныя чаты ды Інстаграм-акаўнт bolshoi_autoblog.
Літва стала трэцяй краінай, якая ўвяла абмежаванні на пропуск аўтамабіляў у Беларусь. Раней такія меры ўвялі Польшча (23 сакавіка) і Латвія (26 сакавіка).
Да сёння літоўскія пункты пропуску заставаліся адзінымі, праз якія аўтамабілі на транзітных нумарах маглі трапіць у Беларусь. У выніку перад мяжой утварыліся вялікія чэргі. На праходжанне мяжы аўтамабілісты выдаткоўвалі па 20-36 гадзін. Цяпер і гэты шлях перакрыты.
Дарэчы, афіцыйна забарону на пропуск аўто ў Беларусь ніводная з краін не патлумачыла. У латвійскім пункце пропуску "Патэрніекі" раней казалі, што абмежаванні звязаныя з санкцыямі на ўзроўні ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.