Латвія перастала пускаць у Беларусь аўто на транзітных нумарах
Чарга на латвійска-беларускай мяжы
Латвія ўслед за Польшчай перастала пускаць у Беларусь аўтамабілі на транзітных нумарах. Аб гэтым пішуць беларусы, якіх пачалі разгортваць на латвійска-беларускай мяжы.
“Мытня ў Патэрніках увяла забарону на вываз у Беларусь аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка 1,9 літра і больш. Без дакумента ад вытворцы аўто на яго экспарт вас не прапусцяць”, — гаворыцца ў паведамленні ў чаце, прысвечаным перасячэнню беларуска-латвійскай мяжы. Паведамленне з'явілася напярэдадні ўвечары.
Нагадаем, з выходных выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра перастала Польшча. Абмежаванні закранулі аўтамабілі BMW і канцэрна VAG, які выпускае маркі Volkswagen, Audi, Seat, Škoda і іншыя. Уласнікі такіх аўтамабіляў павінны падаць на мытні дакумент ад вытворца. У гэтым дакуменце, сярод іншага, павінна быць указана, што вытворца ведае канчатковага ўласніка аўтамабіля і ўпэўнены, што машына пройдзе ў трэцюю дзяржаву транзітам праз Беларусь і Расію і не будзе перапрададзена ў гэтых краінах. Гэтае абмежаванне павінна спрыяць выкананню рэжыму санкцыяў, уведзеных супраць РФ і РБ за вайну супраць Украіны.
У бліжэйшы час такое абмежаванне мусіць увесці і Літва, адзначае рэсурс "Беларусь за МКАДам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.