Лукашэнка абвінаваціў СБУ і ЦРУ ў "спробе дыверсіі" ў Мачулішчах
Самалёт А-50 / ria.ru
Аляксандр Лукашэнка расказаў сваю версію падзеяў на аэрадроме ў Мачулішчах і абвінаваціў кіраўніцтва ЦРУ і СБУ ў "спробе дыверсіі".
Па словах Лукашэнкі, якія пераказвае ягоная прэс-служба, гісторыя пачалася восем месяцаў або паўгода таму ў Кіеве.
"Служба бяспекі Украіны, кіраўніцтва ЦРУ не то збоку, не то за спінай распрацоўваюць аперацыю супраць Рэспублікі Беларусь. Быў падрыхтаваны тэрарыст. Ён расіянін, з расійскім пашпартам, мае ўкраінскі пашпарт. Нарадзіўся ў Крывым Рогу, жыў у Крыме. Сваякі ў Аўстрыі некаторыя, некаторыя засталіся ў Кіеве. Ён быў завербаваны спецслужбай Украіны ў 2014, нібыта, годзе. Айцішнік ці добра разбіраецца ў IT-тэхналогіях. Рыхтаваўся для здзяйснення тэрарыстычных актаў", — заявіў Лукашэнка.
Дыверсанта, па словах Лукашэнкі, рыхтавалі прадстаўнікі СБУ, выкарыстоўваючы "самыя высокія тэхналогіі". Праз украінска-беларускую мяжу "дыверсанта", нібыта, не прапусцілі, таму ён адправіўся праз Польшчу і Латвію ў Расію, а адтуль трапіў у Беларусь.
Як паведамляла арганізацыя ByPol, 26 лютага на аэрадроме ў Мачылішчах з дапамогай двух дронаў з выбухоўкай быў пашкоджаны расійскі самалёт-разведчык А-50. 2 сакавіка гэты самалёт адправіўся ў Таганрог на мясцовы авіярамонтны завод.
Аднак Лукашэнка лічыць, што з самалётам усё ў парадку: "Самалёт не зазнаў нейкіх значных пашкоджанняў, акрамя, як яны кажуць, драпін і адной прабоіны ў корпусе, якая ваеннаму самалёту не перашкаджае выконваць яго абавязкі".
У СМІ трапіла міліцэйская арыенціроўка на ўраджэнца Крыма Мікалая Швяца, якога шукалі за "асабліва цяжкае злачынства", якое ён нібыта здзейсніў у Мачулішчах.
Дарэчы, у сваім выступе Лукашэнка прызнаў, што ў Мачулішчах былі задзейнічаныя два невялікія беспілотнікі. "Выбралі маленькі беспілотнік. Таму што, калі б яны выкарыстоўвалі вялікі, то сістэмы нашага сачэння, вядома, яго б адсачылі. Ва Украіне былі задзейнічаныя гэтыя два беспілотнікі", — перадае БЕЛТА ягоныя словы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.