На Таганрогскім авіярамонтным заводзе пацвердзілі прыбыццё самалёта з Беларусі
Самалёт А-50 / "Ваяр"
Самалёт А-50 з бартавым нумарам 43, які вылецеў з Беларусі 2 сакавіка, цяпер знаходзіцца на 325-м авіяцыйным рамонтным заводзе ў Таганрогу. Гэта журналістам zerkalo.io пацвердзілі на самім заводзе.
Пад выглядам супрацоўніцы беларускага аэрадрома ў Мачулішчах журналістка затэлефанавала на Таганрогскі авіяцыйны навукова-тэхнічны комплекс імя Г.М. Берыева. У яго склад уваходзіць 325-ы авіярамонтны завод, які займаецца аднаўленнем такой тэхнікі. У прыёмнай пацвердзілі, што самалёт з бартавым нумарам 43 паступіў да іх.
"— Я вам тэлефаную з нагоды рамонту самалёта А-50, які з Беларусі да вас паступіў. Маё начальства сказала ў вас ўдакладніць падрабязнасці…
— А-50? 43-й борт вы маеце на ўвазе?
— Так-так.
— Я вам дам тэлефон, звяжацеся па ім. Гэта дырэктар дырэкцыі гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання.
— Проста мне даюць гэтыя нумары, мне хаця б трэба даведацца, колькі самалёт на рамонце будзе…
— Гэта дакладна да яго. Гэты самалёт у яго ведамства паступіў.
— Гэта дакладна той самалёт, з Беларусі?
— Так-так, той, які ўчора да нас прыбыў".
Расійскі самалёт А-50 у Мачулішчах пад Мінскам, як паведамляла аб'яднанне экс-сілавкоў Bypol, быў пашкоджаны 26 лютага. Яго атакавалі двума дронамі беларускія партызаны.
Дзяржпрапаганда сцвярджала, што з самалётам усё ў парадку, а 2 сакавіка паказала відэа з яго палётам. Прэс-служба Лукашэнкі і ўвогуле заявіла, быццам расійскі самалёт суправаджаў "борт №1". У той жа дзень тг-канал "Беларускі Гаюн" паведаміў, што самалёт адправіўся на рамонт на авіязавод у Таганрогу. Цяпер гэтыя звесткі пацвердзіліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.