Гіркін напісаў, што ведае, дзе рамантуюць А-50, пашкоджаны ў Мачулішчах

А-50 / "Ваяр"
А-50 / "Ваяр"

Камандзір групы расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м, палкоўнік ФСБ у адстаўцы Ігар Гіркін (Стралкоў), асуджаны Гаагскім судом на пажыццёвае зняволенне, пракаментаваў сітуацыю з расійскім ваенным самалётам А-50 у Мачулішчах. Беларуская дзяржпрапаганда працягвае сцвярджаць, што нічога не адбылося, самалёт здольны лётаць, а ўсё астатняе — "фэйк".

"Перадайце калі ласка пану Шпакоўскаму [беларускаму дзяржпрапагандысту], што мне выдатна вядома — куды адбыў на рамонт пашкоджаны самалёт і на якім аэрадроме ён цяпер знаходзіцца", — піша Гіркін (Стралкоў) у Telegram.

BYPOL сцвярджае, што раніцай 26 лютага ў Мачулішчах пад Мінскам быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50, які праводзіць радыётэхнічную разведку — адсочвае ўкраінскія радыёлакацыйныя станцыі і зенітныя ракетныя комплексы. Беларускія партызаны накіравалі на яго два дроны з выбухоўкай. BYPOL лічыць, што самалёту былі нанесены два пашкоджанні (найперш "талерцы"-радару). 2 сакавіка А-50 паляцеў у РФ — на авіяцыйны рамонтны завод у Таганрогу.

Улады Беларусі не хочуць прызнаць факт дыверсіі на аэрадроме пад Мінскам, таму так шалее іх прапаганда. Відэа атакі дрона пакуль няма, але BYPOL апублікаваў відэа авіяразведкі на аэрадроме ў Мачулішчах, якое даказвае, што тэхнічна не было нічога немагчымага. "Дзіравай" супрацьпаветранай абаронай цяпер абураюцца расійскія "ваенкары".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі