Лукашэнка: Беларусь не адмовіцца ад імпартных далікатэсаў
Беларусь не плануе адмаўляцца ад закупак імпартнага харчавання для ўнутранага рынку.
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў у панядзелак, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.
"Што тычыцца нашага ўнутранага рынку, мы асобна абгаварылі гэтае пытанне. Гэта наша ўнутраная справа. Патрэбныя нам польскія яблыкі — мы купляем, але не для Расіі, а для ўнутранага рынку. Патрэбны нейкія нямецкія далікатэсы — таксама набываем для ўнутранага спажывання", — перадае interfax.by словы беларускага кіраўніка.
Лукашэнка таксама дадаў, што краіна працягне закупляць імпартную сыравіну для харчовай прамысловасці, калі гэта будзе неабходна. Ён падкрэсліў: "У сувязі з гэтым мы павінны быць сумленныя, і, як абяцалі, вельмі прыстойна праводзіць палітыку ў дачыненні да Расіі".
Нагадаем, што на мінулым тыдні прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін забараніў імпарт харчавання з краін? якія ўвялі санкцыі супраць Расіі. У гэты спіс трапілі краіны Еўрасаюза, ЗША, Канада, Аўстралія і Нарвегія.
Фота — ubifrance.com