Лукашэнка на Саўбезе: Ніякія крамлі на мяне не ціснулі (поўнае відэа)
Кіраўнік Беларусі выказаўся пра Украіну, пра пастаянны кантакт з Пуціным і спробы Захаду "запалохаць Беларусь расійскай пагрозай".
12 сакавіка прайшло паседжанне Савета бяспекі, прысвечанае папярэднім вынікам першага этапа праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сілаў нашай краіны. Нагадаем асноўныя тэзісы прамовы Аляксандра Лукашэнкі.
Кіраўнік Беларусі абверг меркаванні, што ў сувязі з падзеямі ва Украіне на яго ідзе ціск з боку расійскага кіраўніцтва. "На мяне ніхто не цісне, ніякія крамлі і іншыя на мяне ніколі не ціснулі, таму што гэта, па-першае, бесперспектыўна або, як кажуць дыпламаты, контрпрадуктыўна. На мяне няма чаго ціснуць... Я буду абараняць інтарэсы сваёй краіны", — заявіў Лукашэнка. У той жа час ён адзначыў, што знаходзіцца "ў пастаянным кантакце з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі".
Высветлілася, што Захад робіць спробы "запалохаць Беларусь расійскай пагрозай". Лукашэнка прывёў некалькі цытатаў з публікацый/дакументаў. У тым ліку пра тое, што Расія можа "паглынуць" Беларусь і расійскія войскі могуць апынуцца каля мяжы з Польшчай.
Лукашэнка: "Ведаеце, вельмі танна. Калі нас хочуць напалохаць, то гэта вельмі танна. Нас палохаць не трэба. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы будзем дзейнічаць выключна ў адпаведнасці з нарматыўна-прававой базай, якая ў нас існуе паміж Расіяй і Беларуссю. Я ўжо некалькі разоў гэта ў адкрытую казаў: мы з расіянамі адзін народ, роўна як і ўкраінцы, мы з аднаго дрэва, мы — славяне, і мы заўсёды будзем разам".
Расійскія самалёты-знішчальнікі перабазуюцца ў Беларусь. Гэта адбудзецца ў рамках нарошчвання дзяжурных сілаў па супрацьпаветранай абароне Адзінай рэгіянальнай сістэмы Супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі. Пра гэта стала вядома пасля паседжання Савета бяспекі. Нагадаем, на ім Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь адэкватна адрэагуе на ўзмацненне сілаў NATO каля беларускіх межаў. Як вядома, з-за падзеяў ва Украіне Паўночнаатлантычны блок перакінуў дадатковыя самалёты-знішчальнікі ў Літву і ў Польшчу.
Лукашэнка: "Гэтая эскалацыя адбываецца ўжо не ў Сірыі, не ў Лівіі і не ў Іраку. Гэта ўжо каля нашых межаў. Гэта закранае нашы інтарэсы, і мы, як мышы пад венікам, сядзець не маем права... Гэта не ваенны канфлікт, не вайна, нам няма чаго аб'яўляць тут мабілізацыю і прыводзіць у боегатоўнасць ўсе нашы ўзброеныя сілы. Але на такі момант у нас ёсць па плане адэкватны адказ".
Гэтым адказам і стануць дадатковыя расійскія самалёты на беларускіх аэрадромах.
Пазіцыя Беларусі па ўкраінскіх падзеях застаецца нязменнай, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Вельмі шмат зараз у сродках масавай інфармацыі надаецца гэтаму ўвагі, пачынаючы ад характарыстыкі самой абстаноўкі да нейкай спробы разварушыць Лукашэнку: чаму ён... маўчыць і мы не вызначаемся ў дачыненні да падзеяў, перш за ўсё якія адбываюцца ва Украіне..., — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Нас, вядома ж, турбуе абстаноўка, якая складваецца ва Украіне. Гэта наша краіна, гэта нашы людзі, гэта нашы браты. І я прама скажу, што таго, што зараз робіцца ва Украіне і з народам Украіны, народ Украіны не заслугоўвае".
Паводле Лукашэнкі, Беларусь не спыняла супрацоўніцтва з Украінай. "Ва Украіне ёсць палітыкі, якія ўзяліся вырашаць праблемы ўкраінскага народа, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Мы ні ў якім выпадку ім не перашкаджаем. Больш за тое, мы не перарывалі ніякія сувязі з Украінай, перш за ўсё эканамічныя. Мы заўсёды ішлі насустрач пажаданням ўкраінскага бізнэсу і да гэтага часу гэта робім... Мы пастаўлялі і пастаўляем туды энергарэсурсы, столькі, колькі трэба для Украіны, прадукты харчавання, іншыя рэчы. Словам, мы адкрытыя для таго, каб падтрымліваць ўкраінскі народ у гэтую цяжкую хвіліну, у тым ліку па гуманітарным складнікам".
Аляксандр Лукашэнка параіў новым украінскім уладам "працаваць... менш бегаць па замежжы, а займацца ўласнай краінай і дабрабытам уласнага народу". "Як гэта рабіць, калі трэба, падкажам і дапаможам", — адзначыў ён.
У чарговы раз кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі няма прычын "для рэвалюцыйных падзей, падобных тым, якія адбываюцца ва Украіне". Лукашэнка заявіў, што "ў Мінску майдана не будзе". "Мы нічога не баімся. Абсалютна. Тым больш я", — сказаў ён.