Лукашэнка: Палітычныя правакатары пачынаюць і мяне церабіць (відэа)

У пятніцу, 21 жніўня, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся ў Мінску са старшынёй праўлення "Газпрама" Аляксеем Мілерам. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь гатовая прадаставіць расійскай кампаніі, "калі гэта трэба", магчымасці па большым транзіце прыроднага газу. Лукашэнка падкрэсліў, што праблемаў ва ўзаемаадносінах з "Газпрамам" няма, ёсць толькі пытанні для абмеркавання перспектываў супрацоўніцтва. Мілер падкрэсліў, што яго кампанія будзе выконваць усе свае абавязацельствы перад беларускім бокам.

Як паведамляла Еўрарадыё, Аляксандр Лукашэнка і Аляксей Мілер сёння заклалі памятную капсулу на знак пачатку будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу “Газпрама” ў Мінску. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў такія "няпростыя часы" расійская кампанія "пачала будаўніцтва на чвэрць мільярда долараў".

Таксама падчас сустрэчы з Мілерам Лукашэнка выказаўся пра беларуска-расійскія адносіны.

"Мне надакучыла ўжо чытаць паведамленні з Расіі, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Рознага кшталту палітычныя флюгеры і правакатары пачынаюць і мяне церабіць. Я толькі не ведаю, навошта гэтая палітыка ў Расіі. Але гэта іх справа".

Паводле слоў Лукашэнкі, Расія не павінна сумнявацца ў шчырасці, прынцыповасці і надзейнасці Беларусі. Ён папрасіў кіраўніка "Газпрама" пры нагодзе перадаць гэтую пазіцыю кіраўніцтва нашай краіны кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі