Лукашэнка паляцеў на верталёце на Віцебшчыну
Аляксандр Лукашэнка вылецеў на верталёце ў Віцебскую вобласць і па дарозе агледзеў, як ідзе жніво на Міншчыне.
Як паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны, 3 жніўня ён агледзеў паўночна-заходнія раёны Мінскай вобласці — Мядзельскі, Вілейскі, часткова Маладзечанскі і Лагойскі. Акурат сёння Міншчына пераадолела мільённую мяжу у намалоце збожжа новага ўраджаю — тут убрана каля 55% плошчаў.
Акрамя Міншчыны Лукашэнка агледзеў, як ідзе ўборачная на захадзе Віцебшчыны. На сёння, як паведамляецца, у гэтай вобласці ўбраная толькі пятая частка плошчаў.
Пра жніво і нарыхтоўку кармоў пойдзе ў кіраўніка краіны гаворка і 4 жніўня. У чацвер ён наведае браслаўскі філіял Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната. Таксама Лукашэнка завітае на адзін з турыстычных аб'ектаў вобласці, каб абмеркаваць развіццё аграэкатурызму, прыцягненне інвестыцый і экспарт турыстычных паслуг.