Лукашэнка ўзнагародзіў суддзю, які завочна асудзіў Ціханоўскую і Латушку

Суддзя Пётр Арлоў і Святлана Ціханоўская

Суддзя Пётр Арлоў і Святлана Ціханоўская / Калаж Еўрарадыё

Лукашэнка ўзнагародзіў суддзю, які завочна асудзіў Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку на 15 і 18 гадоў калоніі адпаведна. Пётр Арлоў атрымае медаль "За бездакорную службу" ІІ ступені.

Указ №409 аб гэтым 23 снежня апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У яго тэксце сказана, што ўзнагароджанне адбываецца "за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, значныя дасягненні ў дзяржаўнай грамадзянскай службе".

Сёння Пётр Арлоў займае пасаду першага намесніка старшыні Мінскага гарадскога суда. 6 сакавіка 2023 года ён вынес рашэнні па "Справе Каардынацыйнай рады", абвінаваўцам па якім праходзіў Міхаіл Кавалёў. Ён прасіў пакараць Ціханаўскую і Латушку 19-ю гадамі калоніі, але суддзя агучыў "больш гуманныя" прысуды.

Таксама па гэтай справе асуджаныя Вольга Кавалькова, Марыя Мароз і Сяргей Дылеўскі — на 12 гадоў калоніі. Іх прызналі вінаватымі па шматлікіх абсурдных абвінавачаннях. У межах іншага працэсу Арлоў адправіў за краты на 13 гадоў блогера Эдуарда Пальчыса.

У Беларусі завочныя суды ўвялі з мінулага года, бо не могуць дабрацца да палітуцекачоў, якія знаходзяцца за мяжой. "Завочна вы мяне можаце нават расстраляць!" — заявіла тады спартоўка Аляксандра Герасіменя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі