Няхай выканаўцы злачынстваў падумаюць пра сябе — Ціханоўская пра "прысуд" у РБ
Пракурор Міхаіл Кавалёў у Мінскім гарадскім судзе 6 сакавіка 2023 года / sb.by
Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала "завочны прысуд", агучаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі — 15 гадоў калоніі для яе. "З ім ці без яго — я і дэмакратычныя сілы рабілі і працягнем рабіць усё магчымае, каб вызваліць нашых палітычных зняволеных і прывесці нашую краіну да дэмакратычных пераменаў, — піша палітык. — Сёння я думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны. 5, 16, ці 22 гады…".
Ціханоўская не хоча думаць "пра рэжымных чыноўнікаў, суддзяў, пракурораў", пра тых, хто "выконвае гэтыя злачынствы". "Няхай яны лепш падумаюць пра сябе самі: бо Лукашэнка не стане абараняць іх у сапраўдным, незалежным судзе, для якога беларускія юрысты ўжо сабралі дастатковую колькасць сведчанняў, — працягвае палітык. — Ён будзе ратаваць толькі сябе і сваё блізкае кола. Дык ці варта падстаўляць саміх сябе дзеля абароны таго, хто і так асуджаны на правал?".
"Справу" Каардынацыйнай рады разглядаў Мінскі гарадскі суд, суддзя — Пётр Арлоў, пракурор Міхаіл Кавалёў. Па ёй таксама Павел Латушка быў "завочна асуджаны" на 18 гадоў (пракурор прасіў для яго і Ціханоўскай па 19 гадоў калоніі), Вольга Кавалькова, Марыя Мароз і Сяргей Дылеўскі — на 12 гадоў. Іх прызналі вінаватымі па шматлікіх абсурдных абвінавачваннях.
У РБ завочныя суды ўвялі з мінулага года, паколькі не могуць дабрацца да палітуцекачоў, якія знаходзяцца за мяжой. "Завочна вы мяне можаце нават расстраляць!", — заявіла спартсменка Аляксандра Герасіменя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.