Лукашэнка віншаваў Трампа, Абаму і Буша-малодшага. А яны яго — не
Канчатковыя вынікі выбараў у ЗША яшчэ не падведзеныя, але Аляксандр Лукашэнка ўжо віншуе Дональда Трампа з перамогай. І нават жадае 70-гадоваму мільярдэру "здароўя, энергіі і настойлівасці ў выкананні перадвыбарных абяцанняў". Паведамленне на сайце кіраўніка Беларусі з'яўляецца прыкладна ў 16:00 па мінскім часе. Шанцаў на перамогу ў Хілары Клінтан на той момант ужо няма. Але ў штатах Арызона, Мічыган, Мінесота і Нью-Гэмпшыр яшчэ працягваецца падлік галасоў.
Ці заўжды Аляксандр Лукашэнка так спяшаецца павіншаваць амерыканскага прэзідэнта? У 2008 годзе Барак Абама чакаў віншаванняў ад кіраўнка Беларусі... два дні. Выбары адбыліся 4-га лістапада, і толькі 6-га ў Мінску вырашылі адрэагаваць на іх. Рэдкі выпадак: ніякай згадкі пра гэта на сайце Лукашэнкі не засталося. Словаў, накіраваных новаабранаму 44-му прэзідэнту ЗША не захавалася і на сайце тэлеканала АНТ: толькі загаловак пра тое, што віншаванне мела месца.
Але гэта больш, чым нічога: у 2012-м, калі Абама пераабраўся на другі тэрмін, Лукашэнка яго ўвогуле не павіншаваў! Тагачасны кіраўнік прэс-службы беларускага лідара Павел Лёгкі патлумачыў гэта так: у 2008 годзе Лукашэнка віншаваў Абаму з перамогай на выбарах, а прэзідэнт ЗША ў 2010-м не пажадаў даць свайму беларускаму калегу "сіметрычны адказ"!
"Кіраўнік Белага дома ўстрымаўся ад віншаванняў. А ў дыпламатыі ёсць прынцып узаемнасці. Ён мае на ўвазе адпаведную рэакцыю”, — адказаў на пытанне Еўрарадыё Павел Лёгкі.
Віншаванні ад заходніх лідараў — нязручная тэма для Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ ў 2007 годзе ён скардзіўся журналістам на адсутнасць увагі з боку папярэдніка Абамы, Джорджа Буша-малодшага. Маўляў, афіцыйны Мінск накіраваў віншавальныя тэлеграмы і ў Вашынгтон, і ў Лондан — брытанскаму прэм'еру Тоні Блэру. "А яны мяне не павіншавалі... Гэта цывілізаваны падыход? — сказаў тады Лукашэнка. — Цярпліва падказвайце, рэкамендуйце, тлумачце, але не спрабуйце паставіць мяне на калені і не навязвайце сваю волю...".
Каб даведацца, ці складзецца перапіска ў Аляксандра Лукашэнкі і Дональда Трампа, давядзецца пачакаць блізу чатырох гадоў. Шанец адказаць на віншаванні з Беларусі ў абранага сёння 45-га прэзідэнта ЗША з'явіцца толькі ў 2020 годзе, калі беларусы чарговы раз пойдуць на выбары. А раптам цяпер у іх атрымаецца?