МАРГ вызначыла, як трэба прадаваць цыгарэты ў крамах
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вызначыла, як трэба ствараць аддзелы ў крамах для продажу тытунёвых вырабаў. Адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Асобныя аддзелы для гандлю тытунёвымі вырабамі, электроннымі цыгарэтамі ды іншымі прыладамі для курэння будуць стварацца ў крамах і павільёнах, якія маюць гандлёвую плошчу 1 тысячу і болей квадратных метраў. Прадавец мусіць забяспечыць аддзел касавымі апаратамі або праграмнымі касамі, а таксама плацёжнымі тэрміналамі.
Прадавец можа арганізаваць у такіх аддзелах продаж іншых тавараў, звязаных агульнасцю попыту, пры выкананні вызначаных заканадаўствам умоваў захоўвання і продажу.
Пастанова набывае моц ад 1 студзеня 2020 года.