Мікалай Аўтуховіч у знак пратэсту ўскрыў сабе жывот? (Абноўлена)
Пра гэта пішуць праваабаронцы. Намеснік начальніка турмы: "Інтэрнэт каментаваць не буду. Зняволены знаходзіцца ў нас, адбывае пакаранне. Як і ўсе".
Ваўкавыскі прадпрымальнік і палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які адбывае пакаранне ў гродзенскай турме №1, нанёс сабе цяжкія цялесныя пашкоджанні, а менавіта — ускрыў сабе жывот. Пра гэта са спасылкай на крыніцу ў папраўчай установе паведамляе праваабарончы сайт “Платформа”. Паводле яго, прычынай такога кроку стала “адкрыта здзеклівае стаўленне адміністрацыі турмы”.
Два гады запар Мікалаю Аўтуховічу выносяць спагнанні ў той час, калі сканчаюцца пакаранні, накладзеныя раней. “Платформа” піша, што 4 верасня, калі вязню заставаўся месяц да пагашэння ўсіх парушэнняў, на яго было накладзена новае спагнанне. Гэта пазбавіла яго магчымасці атрымаць пасылку і перадачу, сустрэцца са сваякамі.
Па непацверджанай інфармацыі, прычынай спагнання стала адсутнасць Аўтуховіча 26 жніўня на сваім спальным месцы пасля адбою.
Па версіі з той жа ананімнай крыніцы, эмацыйная рэакцыя Аўтуховіча на спагнанне тлумачыцца тым, што вязень старанна сыходзіць ад любых парушэнняў: “Яму, як вайскоўцу, не цяжка ўстаць раніцай і своечасова легчы спаць. Ён прызвычаіўся да такога рэжыму. Прызвычаіўся і па паўгода ні з кім не размаўляць, кажучы ў дзень па пары дзяжурных фраз — абы не даваць нагоды да далейшых правакацый”, — гаворыцца ў паведамленні праваабаронцаў.
Калі за Аўтуховічам замацуецца статус злоснага парушальніка, тэрмін яго зняволення можа быць падоўжаны. Таксама вязню можа быць прызначаны прэвентыўны нагляд пасля вызвалення. Для такіх выпадкаў існуе артыкул 411 Крымінальнага кодэкса — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
У сітуацыі, ў якой апынуўся Мікалай Аўтуховіч, вязні звычайна дзейнічаюць менш радыкальнымі метадамі. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, які 28 жніўня выйшаў на волю з той самай гродзенскай турмы.
“Ці давяраць гэтаму, я не ведаю. Лепш мець дакладную інфармацыю, вядома. Але гэта турма, і ў ёй можа здарыцца ўсё, — мяркуе Зміцер. — У такой сітуацыі звычайна можна распачаць галадоўку. Тая праблема, з якой сутыкнуўся Аўтуховіч, пра якую я чытаў, вырашаецца больш спакойна. Ускрыццё вен, жывата – гэта самы крайні выпадак. На гэта ідуць тады, калі ёсць пагроза жыццю”.
Кіраўніцтва гродзенскай турмы не адмаўляе і не пацвярджае інфармацыі пра тое, што Мікалай Аўтуховіч нанёс сабе пашкоджанні.
“Адкуль вы пра гэта ведаеце? З інтэрнэту ад праваабаронцаў? Самі разумееце, што такое інтэрнэт. Хочаце, верце яму. А хочаце — не верце, ваша справа. Інтэрнэт я каментаваць не буду. Зняволены гэты знаходзіцца ў нас, адбывае пакаранне. Як і ўсе іншыя”, — гаворыць у размове з Еўрарадыё намеснік кіраўніка гродзенскай турмы №1 Алег Радзікевіч.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай кампаніі, прадпрымальнік і грамадскі дзеяч з Ваўкавыска. У траўні 2010 года ён асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі за незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Праваабаронцы лічаць гэты прысуд палітычна матываваным.