Мінчук хацеў купіць крыптавалюту па нізкім курсе і страціў 40 тысяч долараў

Мінчук спакусіўся на куплю крыптавалюты па нізкім курсе / pixabay.com
Мінчук спакусіўся на куплю крыптавалюты па нізкім курсе / pixabay.com

У мінскую міліцыю звярнуўся мужчына, які паведаміў, што на яго напала група юнакоў. Яны пырснулі яму ў твар газам з пярцовага балончыка і забралі сумку, у якой было 40 тысяч долараў, перадае прэс-служба МУС.

Аднаго з нападнікаў затрымаў відавочца і перадаў патрульным міліцыянтам, якія прыбылі на месца здарэння. Неўзабаве міліцыя высветліла асобы астатніх і з дапамогай спецпадраздзялення "Алмаз" затрымала ўсіх.

Аднаму з фігурантаў 19 гадоў, ён працуе зваршчыкам на сталічным прадпрыемстве. Астатнім затрыманым па 17-18 гадоў, яны вучацца ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Выявілася, што пацярпелы мужчына спакусіўся ў інтэрнэце на прапанову купіць крыптавалюту па курсе, ніжэйшым за рынкавы. Расплаціцца трэба было гатоўкай. У прызначаны час мінчук прыйшоў на сустрэчу, дзе яго чакалі фігуранты. Маладыя людзі, як высветлілася, усю гісторыю з крыптавалютай прыдумалі, каб забраць грошы.

На нападнікаў пачалі крымінальную справу за рабаванне. Скрадзеныя грошы абяцаюць вярнуць уладальніку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі