Мінчукі патанулі ў "віры" FolkRoll'а і адкрылі новую Насту Някрасаву

Самая вялікая надзея беларускага фольку – Наста Някрасава і гурт FolkRoll упершыню выступілі ў Мінску. Цягам гадзіны з паловай музыкі адкрывалі гледачам новы Сусвет пад назвай “Vir”. Вострая сумесь сучаснай класічнай музыкі і беларускай народнай песні запальвала новыя сонцы: аматары класікі паглыбляліся ў бабуліну песню, а прыхільнікі фольку спасцігалі складаную паліфонію кампазітара Паўла Рыжкова. Менавіта дзякуючы ягонаму цікаваму бачанню формы і гукаў і неверагоднаму па моцы, дынаміцы і прыгажосці голасу Насты Някрасавай, праект займеў статус “незвычайнага і перспектыўнага”. Музыка Піт Паўлаў прадрок кампазітару Рыжкову будучыню і распавёў Еўрарадыё сваё бачанне “сітуацыі”.

Наста Някрасава

Павел Рыжкоў

Піт Паўлаў: “Я скажу, што я пачуў нарэшце сучасную класічную музыку, інспіраваную беларускім фальклорам. Убачыў новага кампазітара, з якога, магчыма, вырасце хто-небудзь кшталту Дворжака, Мусарскага ці Барадзіна”.

Піт Паўлаў і Алезіс Дземідовіч

Неакласічны падыход музыкаў да народнай песні, прадстаўлены ў дэбютным альбоме “Vir” тандэма Някрасава- FolkRoll выклікаў супярэчлівыя водгукі. Частка апанентаў пазітыўна сустрэла эксперыменты музыкаў, іншыя – абвінавацілі іх у занадта акадэмічным і старамодным падыходзе да аўтэнтычнага матэрыялу. Аднак, кажа Піт Паўлаў, менавіта ў гэтым і ёсць “фішка” Насты і FolkRoll. І нават “смур” тут у тэму.

Піт Паўлаў: “Я лічу вышынёй мастацтва поп-песню, і таму сімфанічныя формы мяне крышачку бянтэжаць. Мой шлях у этнічную музыку быў, рабіць рок-аранжыроўкі этнічных песень. А калі мы гралі ў KRIWI, вось такія спробы нагнаць гэтага “смуру” былі толькі эксперыментамі. І вось у гэтым гурце яны развіліся да гатовых сімфанічных формаў, і гэта, напэўна, новае слова”.

Насамрэч “смур” ад Насты Някрасавай і FolkRoll’а – паняцце адноснае. Калі ён і ёсць – ён занадта інтэлігентны, глыбокі і правільны. І калі на альбоме яго прысутнасць відавочная, дык на канцэрце ён расцвечваецца сафітамі, усмешкамі, слязьмі, мыльнымі кругаколамі. Пазітыў стоадсоткавы! Можа таму Еўрарадыё не сустрэла ніводнага расчараванага гледача?!

Наведвальніца: “Насамрэч, вельмі спадабалася! Тым больш, што калі я ішла сюды, я амаль не ведала, куды я іду, бо гэта так узнікла спантанна. Мне падаецца, што нам не хапае нечага фолькавага, што вяртае нас да каранёў. Таму вельмі спадабалася. Дзякуй вялікі!”

Выкладчык Насты Някрасавай, фалькларыст і навуковец Уладзімір Васілевіч не хавае захаплення убачаным і пачутым: Наста не толькі яго вучаніца, але і лепшая беларуская спявачка!

Уладзімір Васілевіч: “Я яшчэ не гатовы асэнсаваць тое, што спявала Наста, але, вядома, гэта з’ява, якой, напэўна, ніколі не было на беларускай музычнай сцэне. Я ганаруся тым, што яна мая студэнтка – цудоўны чалавек і вельмі арыгінальны і цудоўны выканаўца. І тое, што яна робіць, гэта настолькі незвычайна, настолькі нова! Мы ўсе вельмі ўзрушаныя, усе, хто быў з нашых калег, з Насціных аднакурсніц… Наста пачынала з нас”.

Падчас канцэрта музыкі прадставілі песні з альбома “Vir”, а таксама колькі новых твораў. Свае геніяльныя дадзеныя дэманстравала не толькі Наста, але і музыкі – тут Павел Рыжкоў, вясёлы і ўдумлівы, пастараўся. Музыка напісаў мноства рознажанравых інструментальных кавалкаў, пад якія можна было і ўпасці ў транс, і кінуцца танцаваць. Менавіта гэтым і занялася альтыстка гурта. Ды напоўніла залу мыльнымі кругаколамі, тым самым нагадаўшы пра маладосць гурта і яго прагу ствараць. Праўда, узрушаныя бацькі скрыпачкі гурта пашкадавалі, што такая музыка не надта патрэбная нашай краіне.

Бацькі Сашы Чахоўскай: “Вельмі шкада, што ў нас гэта настолькі незапатрабавана, што ў Беларусі культура на такім узроўні. Але падаецца, што моладзь, якая была, атрымала задавальненне. Добрая моладзь”.

Наста Някрасава і FolkRoll чарговы раз даказалі, што бабуліна песня бязмежная і гарачая, і што ёй падуладныя ўсе акорды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі