Мінскія перамовы па Данбасе пройдуць у закрытым для журналістаў рэжыме
Аб сваім жаданні праводзіць перамовы без прысутнасці СМІ беларускаму боку заявілі ўдзельнікі кантактнай групы.
Перамовы ў Мінску па сітуацыі на Данбасе будуць праходзіць у закрытым ад журналістаў рэжыме. З такой ініцыятывай выступілі ўдзельнікі кантактнай групы. Тым не менш тое, што перамовы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне ўсё ж пройдуць у Мінску 24 і 26 снежня, Еўрарадыё пацвердзіў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Мірончык: “Беларускі бок пацвярджае, што ў Мінску адбудуцца чарговыя сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Што тычыцца перамоваў, якія адбудуцца ў Мінску 24 снежня, то згодна з рашэннем кантактнай групы, гэтыя перамовы пройдуць у закрытым для прэсы рэжыме”.
Нагадаем, чарговае пасяджэнне кантактнай групы планавалася правесці 21 снежня. Аднак, паводле паведамленняў з розных крыніц, прадстаўнікі Кіева і самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР" не здолелі знайсці паразумення па шэрагу пытанняў. Менавіта пытанне працягу перамоў у “Мінскім фармаце” стала адной з галоўных тэмаў візіту кіраўніка Беларусі ў Кіеў 22 снежня.
Перамовы кантактнай групы праходзілі ў Мінску тройчы: 31 ліпеня, 5 і 19 верасня. Па выніку кожнай з сустрэч падпісваўся адпаведны мемарандум з прынятымі рашэннямі, але ніводнае з іх так і не было выкананае. У зрыве дамоўленасцяў бакі прадказальна абвінавачвалі адзін аднаго.
Па словах міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна, падчас перамоваў 24 і 26 снежня найперш плануецца дамовіцца пра выкананне ранейшых мінскіх дамоўленасцяў. А таксама — наконт вызвалення ваеннапалонных і закладнікаў.
У папярэдніх раўндах перамоваў бралі ўдзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, спецпрадстаўнік АБСЕ па пытаннях урэгулявання канфлікту на Данбасе Адэльхейд Тальявіні, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў. Інтарэсы самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" прадстаўлялі Аляксандр Захарчанка, Андрэй Пургін, Ігар Платніцкі і Аляксей Каракін.
На здымку Еўрарадыё: Прадстаўнікі бакоў падчас адной з мінулых мінскіх сустрэч кантактнай групы.
Фота зверху — Fotolia