Мінздароўя пра рэкордную смяротнасць: гэта звесткі Нацстата, а не нашы
Медыкі ў Беларусі / Еўрарадыё
Выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч не змог растлумачыць, з чым звязана рэкордная смяротнасць у Беларусі ў другім квартале 2020 года.
— Я яшчэ не бачыў афіцыйнай статыстыкі Нацстата [на сайце ААН яны апублікаваныя 6 верасня. — Еўрарадыё]. Глядзіце, Нацстат жа збірае звесткі не ад нас [Мінздароўя. — Еўрарадыё], а ад ЗАГСаў. Нацстат бачыць тую смерць, якую не бачым мы, — судовую, смерці дома. То-бок Нацстат збірае звесткі праз пазаведамасныя ўстановы, — тлумачыць Піневіч на сустрэчы з медыкамі, якая 15 верасня прайшла ў БелМАПА.
Па статыстыцы ААН, у другім квартале 2020 года, на які прыйшоўся разгар пандэміі COVID-19, у Беларусі памерла на 5605 чалавек больш, чым за аналагічны перыяд 2019 года. Аднак афіцыйна ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі за ўвесь перыяд пандэміі памерла 767 пацыентаў. Вынікам чаго сталі астатнія амаль 5 тысяч смерцяў?
— Ніхто эпідэмію не ацэньвае па трох-чатырох месяцах. Эпідэмія ацэньваецца па годзе... СААЗаўскія спецыялісты, напрыклад, ацэньваюць эпідэмію наогул праз паўтара года. Вось тады і будзе відаць, — працягвае Дзмітрый Піневіч.
Красавік, май, чэрвень — месяцы, калі каранавірус паводзіў сябе ў Беларусі агрэсіўна. Толькі афіцыйна зафіксаваны прырост хворых быў пад тысячу за суткі. Але колькасць смерцяў, паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, ніколі не перавышала 7 чалавек на дзень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.