"Мы асабліва не парымся": Лукашэнка пра магчымую адмену чэмпіянату свету ў Мінск
Аляксандр Лукашэнка на лёдзе / BBC
Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра магчымасць адмены Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Ён лічыць, што падставаў для гэтага няма.
"Мы асабліва не парымся. Пройдзе — пройдзе, не пройдзе — не пройдзе. Але падставаў, каб ён не прайшоў, на міліметр няма. Гэта будзе ганьба поўная", — перадае словы беларускага кіраўніка ТАСС.
У той жа час экс-кантыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская заявіла, што калі Чэмпіянат свету не перанясуць з Мінска, многія зборныя будуць яго байкатаваць.
"Большасць краін не жадаюць удзельнічаць у палітычным шоў Лукашэнкі. Пакуль у Беларусі больш за 160 палітзняволеных і тысячы сядзяць у турмах, ні пра якое спартыўнае свята не можа быць гаворкі. Мы сустрэлі поўнае разуменне партнёраў у гэтым", — паведаміла палітык.
Па дадзеных Ціханоўскай, у падтрымку пераносу або байкоту першынства ўжо выступілі прэм'ер-міністр Фінляндыі Сана Марын, дырэктар Дацкага хакейнага саюза Ульрык Ларсен, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея IIHF фін Калерва Кумала, дэпутаты Бундэстагу, Кангрэсу ЗША, і іншыя.
Рашэнне па месцы правядзення чэмпіянату павінна быць прынята да канца студзеня.
— IIHF выкарыстоўвае ўсе рэсурсы, каб дакладна зразумець сітуацыю, якая адбываецца ў Беларусі. У нас ужо шмат было дыскусій. Цяпер нам трэба пагаварыць з урадам Беларусі і абмеркаваць сітуацыі палітычную і з каранавірусам. На прыканцы студзеня ў нас будзе паседжанне рады, на якім мы прымем рашэнне, — сказаў кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея Рэне Фазель.
Чэмпіянат свету 2021 года павінен быў прайсці з 21 мая па 6 чэрвеня ў Беларусі і Латвіі. Але з-за палітычнай сітуацыі наша краіна можа пазбавіцца першынства. Супраць выступае латвійскі бок. Для вырашэння сітуацыі Рэнэ Фазель мае намер асабіста прыляцець у Беларусь. Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка напісаў адкрыты ліст да Фазеля, у якім патлумачыў, чаму правядзенне Чэмпіянату свету ў нашай краіне немагчыма. Ліст апублікавала вядучая нямецкая газета Frankfurter Allgemeine Zeitung.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.