МЗС Беларусі адказаў Украіне на заяву аб прыпыненні кантактаў

Сцягі Украіны і Беларусі / БЕЛТА
Сцягі Украіны і Беларусі / БЕЛТА

У пятніцу, 28 жніўня, прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў заяву ўкраінскіх калег аб прыпыненні кантактаў з нашай краінай. Афіцыйны каментар прыйшоў на пошту Еўрарадыё.

Ацэнкі ўзаемадзеяння Беларусі з партнёрамі і саюзнікамі па інтэграцыйных аб'яднаннях, настойлівыя заклікі да правядзення новых выбараў прэзідэнта МЗС расцэньвае як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны.

"Гэта балюча канстатаваць з улікам таго, што Беларусь ніколі, нават у вельмі няпростыя гады для нашых украінскіх сяброў, не ставіла пад сумнеў суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, права самастойнага выбару народам шляхоў свайго развіцця", — адзначае Анатоль Глаз.

У МЗС нагадваюць, што ў суседзяў няма падставы папракнуць беларусаў у тым, што мы хоць неяк удзельнічалі ў распальванні нестабільнасці ва Украіне, абмяжоўваючы кантакты з яе грамадзянамі. Наадварот, падыходзілі і будзем падыходзіць да супрацоўніцтва ўзважана, каб не дапусціць памылкі.  

Беларускаму знешнепалітычнаму ведамству здаюцца дзіўнымі запэўніванні аб неўмяшанні ў нашы справы з адначасовым публічным прызнаннем каардынацыі сваёй афіцыйнай пазіцыі з палітычным кіраўніцтвам ЕС і ЗША, "пра што было недвухсэнсоўна заяўлена міністрам замежных спраў Украіны падчас брыфінгу 28 жніўня". 

У МЗС нагадваюць, што Беларусь не ставіла адносіны з Украінай на "паўзу", таму што гэта можа прынесці канкрэтную шкоду цесным шматгранным адносінам дзвюх суседніх дзяржаў. 

"Адказнасць за магчымыя наступствы гэтага кроку ляжыць цалкам на ўкраінскім баку, а таксама, як мы бачым, на яго старэйшых знешнепалітычных партнёрах", — кажа прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Беларусі. 

Паводле яго слоў, Беларусь гатовая працягваць супрацоўнічаць з Украінай на ўсіх узроўнях у тых аб'ёмах, да якіх гатовыя суседзі. 

"Беларуская дзяржава не дапусціць паўтарэння сітуацыі, калі наш лёс будзе вырашацца за мяжой", — адзначаюць у МЗС Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі