На аўкцыён выставілі матацыкл і аўтамабіль палітвязня Эдуарда Бабарыкі
Транспарт Эдуарда Бабарыкі,выстаўлены на аўкцыён
На электронны аўкцыён "Белюразабеспячэння" выставілі транспарт палітвязня Эдуарда Бабарыкі.
Гэта матацыкл Suzuki VX 800 і легкавік Mercedes-Benz GLC 300. Таргі прызначылі на 21 жніўня.
Першапачатковая цана за матацыкл — 5100 рублёў. Паведамляецца, што ён быў выпушчаны ў 1992 годзе. На кузаве ёсць сколы і драпіны.
Універсал Mercedes-Benz GLC 300 больш новы: ён быў выпушчаны ў 2019 годзе. Аднак на лабавым шкле аўтамабіля ёсць расколіна. Таргі за яго пачнуцца з 118 тысяч рублёў.
Пра абодва транспартныя сродкі гаворыцца, што з іх могуць выявіцца схаваныя дэфекты пры інструментальным кантролі, дыягностыцы і разборцы.
Эдуарда Бабарыку, які быў кіраўніком перадвыбарчага штаба свайго бацькі Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, асудзілі на восем гадоў зняволення. Пры гэтым яму не залічылі ў тэрмін паўтара года ў СІЗА КДБ, праведзеныя па першым абвінавачанні, якое ў выніку было знятае. Нядаўна Эдуарду Бабарыку павялічылі тэрмін яшчэ на два гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.