На аўкцыён выставілі зямельны ўчастак Віктара Бабарыкі ў Лагойскім раёне
Участак размешчаны ў Лагойскім раёне
На аўкцыён выставілі зямельны ўчастак Віктара Бабарыкі, размешчаны ў вёсцы Мачаны ў Лагойскім раёне (20 км ад Мінска). На гэта звярнуў увагу рэсурс "Зеркало". Зямля знаходзіцца ў водаахоўнай зоне вадасховішча Вяча. З пабудоваў там толькі лазня — яна зробленая з бруса, парылка абабітая вагонкай з лісцяных пародаў. Усталяваная дроўная печ.
Участак мае плошчу 0,75 га і прызначаны для вядзення прыватнай падсобнай гаспадаркі. Стартавы кошт — 152 695 рублёў. Аўкцыён запланаваны на 31 ліпеня.
Нагадаем, экс-старшыня праўлення "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка планаваў балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 2020 года. Але да моманту рэгістрацыі кандыдатаў быў ужо затрыманы. У зняволенне трапіў і яго сын Эдуард, які кіраваў выбарчай кампаніяй бацькі. Бабрыка-старэйшы атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай, а таксама ў здзяйсненні фінансавых аперацый са сродкамі, атрыманымі злачынным шляхам. Віктар Бабарыка сваю віну не прызнаў. Эдуарда Бабарыка асудзілі на 8 гадоў.
З лютага 2023 года ў родных і сяброў няма сувязі з палітзняволеным экс-банкірам. Урыўкавая інфармацыя з'яўляецца толькі ад былых зняволеных, якія выходзяць на волю. Адзін з іх увесну расказваў, што Бабарыка моцна схуднеў, пасівеў і пастарэў.
Раней з аўкцыёнаў прадалі аб'екты нерухомасці іншых апанентаў рэжыму, у тым ліку кватэры Сяргея Ціханоўскага і Валерыя Цапкалы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.