Хацеў жыць у краіне, дзе трыумфуе закон — 4 гады таму затрымалі Бабарыку
Віктар Бабарыка
Чатыры гады таму — пасля рашэння вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі — быў затрыманы экс-кіраўнік "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка, а таксама яго сын Эдуард. Эдуард кіраваў выбарчай кампаніяй бацькі. У падтрымку вылучэння Бабарыкі ў 2020 годзе была сабраная рэкордная для альтэрнатыўных кандыдатаў колькасць подпісаў — каля паўмільёна.
"Матыў 12 траўня [калі аб'яўляў пра рашэнне вылучацца кандыдатам у прэзідэнты — рэд.] у мяне быў толькі адзін: я хачу жыць у краіне, дзе трыумфуе закон", — тлумачыў сваё рашэнне Бабарыка.
Яго не зарэгістравалі кандыдатам, затрымалі напярэдадні. Судзілі і адправілі ў калонію на 14 гадоў. Сваёй віны ён не прызнаў. З лютага 2023 года ў сваякоў і сяброў няма сувязі з палітзняволеным экс-банкірам. Урыўкавая інфармацыя з'яўляецца толькі ад былых зняволеных, якія выходзяць на волю. Адзін з іх увесну расказваў, што Бабарыка моцна схуднеў і пастарэў.
"Ён сур'ёзна схуднеў. Я бачыў яго ў 2020-м, і розніца вельмі прыкметная, важыць, напэўна, кілаграм 80, а то і менш. Хлопцы кажуць, што ён пасівеў, вельмі моцна пастарэў, выглядае нядобра. Калі Дзмітрыч год таму трапіў у шпіталь, хадзілі чуткі, што былі зламаныя рэбры і адно з іх прабіла лёгкае. Нібыта стукнуўся, калі ўпаў. Але мне ў гэта верыцца слаба", — казаў былы зняволены.
Эдуарду Бабарыку доўга не выстаўлялі абвінавачанне, але ў выніку асудзілі на 8 гадоў калоніі. У красавіку стала вядома, што адміністрацыя бабруйскай калоніі №2 на Эдуарда завяла новую крымінальную справу.
У гадавіну гэтага затрымання Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з просьбай, калі ёсць магчымасць і гэта бяспечна, пісаць зняволеным лісты. Яна назвала Віктара і Эдуарда Бабарыка смелымі і таленавітымі беларусамі. "Колькі часу трэба людзям, каб забыць сваіх герояў? "Месяц-два — і ніхто пра яго не ўспомніць", — напэўна, так думаюць памочнікі рэжыму, калі пазбаўляюць людзей волі. Але беларусы ніколі не адмовяцца ад тых, хто гатовы зрабіць Беларусь лепшай", — заявіла яна. Яна заклікала памятаць "пра нашых герояў — тых, хто нават у жудасных умовах кожны дзень адмаўляецца здраджваць сабе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.