У Беларусі ксяндза-палітвязня асудзілі на 11 гадоў зняволення
Генрых Акалатовіч
Ксяндза Генрыха Акалатовіча, пробашча касцёла ў Валожыне, асудзілі на 11 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым у "здрадзе дзяржаве". Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядаў Мінскі абласны суд. Вядома, што Акалатовіч не прызнаваў сябе вінаватым.
Як адзначае katolik.life, ніхто з епіскапату і нунцыятуры не прыйшоў на прысуд, які быў вынесены 30 снежня.
Ксяндзу 64 гады. Ён мае цяжкія хваробы. Генрых Акалатовіч правёў за кратамі ў СІЗА КДБ ужо больш за год. У чым канкрэтна яго абвінавачваюць, дагэтуль невядома. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра справу дагэтуль няма.
Акалатовіч — вядомы і паважаны ў Беларусі святар, які яшчэ з савецкіх часоў дапамагаў адраджаць каталіцкую царкву ў рэгіёнах. Неаднаразова станавіўся героем публікацый і сюжэтаў дзяржаўных СМІ. У адным з матэрыялаў падкрэслівалася, што ксёндз размаўляе па-беларуску не толькі ў парафіі, але і дома.
Выданне падкрэслівае, што ўпершыню ў Беларусі з часоў камуністычнага рэжыму каталіцкага святара судзілі па крымінальным палітычным артыкуле. Яшчэ ў пачатку 2024 года Генрых Акалатовіч быў прызнаны палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.