Моцна схуднеў, але яго не зламалі — былы палітвязень пра Віктара Бабарыку

Віктар Бабарыка / АР

Віктар Бабарыка / АР

Віктар Бабарыка вясной-улетку мінулага года адседзеў 6 месяцаў у памяшканні камернага тыпу і цяпер, хутчэй за ўсё, зноў знаходзіцца ў ПКТ. Пра гэта піша "Радыё Свабода" са спасылкай на былога палітвязня Аляксея, які адбываў тэрмін у Наваполацкай калоніі і нядаўна вызваліўся.

"Апошнім разам яго бачылі ў калідоры ПКТ прыкладна ў лістападзе. Ён моцна схуднеў, але погляд быў вясёлы, упэўнены, цвярозы. Гэта значыць, што ён не зламаны", — кажа мужчына.

У родных і сяброў няма ніякіх звестак пра Віктара Бабарыку з лютага 2023 года. Мінулай вясной з'явілася інфармацыя, што экс-банкіра маглі збіць, пасля чаго ён апынуўся ў бальніцы. Суразмоўца "Радыё Свабода" кажа, што да лютага 2023 года Віктар Бабарыка быў у калоніі на тых жа ўмовах, што і іншыя зняволеныя. "Яго асабліва не чапалі. Чаму трэш пачаўся пасля лютага — я не ведаю. ШІЗА, ПКТ і гэтак далей", — кажа Аляксей. Паводле яго слоў, у зняволеных, якія спрабуюць дачыняцца з Бабарыкам, пачынаюцца праблемы. Адміністрацыя калоніі імкнецца трымаць экс-банкіра ў ізаляцыі.

"У камеры ён сядзеў з туркменам, які добра размаўляе па-руску, і зняволеным, блізкім да адміністрацыі", — расказвае Аляксей. Паводле яго слоў, калі Бабарыка працаваў у "вугальнай" брыгадзе, на прампляцоўцы былі ўсталяваныя дадатковыя камеры назірання і сігналізацыя. "Гэта значыць, калі Бабарыка, скажам, ішоў у прыбіральню, пра гэта ведала ўся калонія, бо пра гэта апавяшчала сігналізацыя", — кажа ён.  

Чаму Бабарыка мінулай вясной апынуўся ў шпіталі, суразмоўца медыя ведае няшмат. Паводле яго слоў, многія зняволеныя бачылі праз акно экс-банкіра з перавязанай галавой. Адміністрацыя тым часам распаўсюджвала чуткі пра тое, што Бабарыка ўпаў. "Адзін знаёмы зняволены трапіў у лазарэт якраз тады, калі там быў Бабарыка, ужо калі яго вярнулі з турэмнай бальніцы ў Калодзішчах. Ён спытаў: "Што з вамі, Дзмітрыевіч?" Ён адказаў: "Я ўпаў". Мабыць, яму так загадалі сказаць", — кажа мужчына.

Нагадаем, Віктара Бабарыку, які абвясціў пра сваё жаданне вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года, затрымалі на самым старце выбарчай кампаніі. Яго ініцыятыўная група сабрала вялікую колькасць подпісаў (больш за 400 тысяч) у яго падтрымку. Але Бабарыку так і не зарэгістравалі кандыдатам, замест гэтага яму пазней прысудзілі 14 гадоў калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі