На борце самалёта, які разбіўся ў ЗША, былі фігурысты

На месцы аварыі пасажырскага самалёта ў ЗША / Reuters
На борце самалёта, які разбіўся каля Вашынгтона, ляцелі фігурысты. Гэта пацвердзіла Федэрацыя фігурнага катання ЗША.
Камерцыйны самалёт сутыкнуўся з вайсковым верталётам каля аэрапорта імя Рональда Рэйгана. На борце самалёта было 60 пасажыраў і чатыры чальцы экіпажа, у верталёце знаходзіліся тры чалавекі. Пасля сутыкнення самалёт ўпаў у раку Патамак. Пакуль што няма звестак пра выжылых у авіякатастрофе.
"Федэрацыя фігурнага катання ЗША можа пацвердзіць, што некалькі членаў нашага супольнасці фігурнага катання, на жаль, былі на борце рэйса 5342 American Airlines", — цытуе Reuters заяву спартыўнай федэрацыі. Фігурысты вярталіся з чэмпіянату ЗША.
У СМІ з'яўляецца непацверджаная інфармацыя наконт канкрэтных фігурыстаў, якія маглі быць на борце. Так, паведамляецца, што там ляцелі чэмпіёны свету па фігурным катанні 1994 года, а цяпер трэнеры Яўгенія Шышкова і Вадзім Навумаў. З імі, нібыта, быў іх 23-гадовы сын Максім, які выступае за фігурную зборную ЗША.
Акрамя таго, на самалёце ляцелі як мінімум яшчэ 14 фігурыстаў, не лічачы трэнераў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.