На чэмпіянаце Польшчы найлепшы вынік паказала беларуская скакуха

Марыя Жодзік

Марыя Жодзік / Grzegorz Michałowski / PAP

На чэмпіянаце Польшчы ў закрытых памяшканнях найлепшы вынік сярод усіх спартовак паказала беларуская скакуха Марыя Жодзік, піша mostmedia.io.

18 лютага яна выступала на турніры па-за конкурсам. Жодзік устанавіла асабісты рэкорд, узяўшы бар'ер 1 м 97 см. На сёння гэта выкананы алімпійскі нарматыў і найлепшы вынік у Польшчы. Увогуле ў скачках у вышыню сёлета гэта трэці вынік у свеце. Лепшыя вынікі паказалі толькі ўкраінка Яраслава Магучых (2 м 4 см) і аўстралійка Нікола Аліслейджэрс (2 м 3 см).

Гэты вынік дае Жодзік магчымасць выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы, калі яна паспее атрымаць польскі пашпарт.

Беларуска ў 2020 годзе была падпісанткай ліста спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту сілавікоў. У 2022-м яна пераехала ў польскі Беласток. Жодзік асудзіла вайну Расіі супраць Украіны. У кастрычніку 2023-га лёгкаатлетка падала дакументы на польскае грамадзянства.

У World Athletics Жодзік адзначана як беларуская спартоўка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі