На палітвязня Мікалая Дзядка ціснуць у калоніі

Мікалай Дзядок
Мікалай Дзядок

На палітвязня Мікалая Дзядка ў калоніі, дзе ён адбывае тэрмін, ціснуць. Пра гэта расказаў журналістам выдання "Новы час" бацька Мікалая Аляксандр Дзядок.

Паводле яго слоў, надоечы з Мікалаем сустракаўся адвакат. У калонію Мікалай прыбыў 12 лютага, і, як кажа бацька, "адразу яму паспрабавалі ўручыць так званую нізкастатусную працу" — спрабавалі даручыць уборку пэўных месцаў. Дзядок адмовіўся.

"І тут жа атрымаў 7 сутак ШІЗА, пазбаўленне доўгатэрміновага спаткання і змяншэнне атаваркі да 2 базавых", —  апавядае бацька палітвязня. Акрамя таго, да Мікалая не даходзяць лісты ад людзей, якія не з'яўляюцца яго сваякамі.

Пры гэтым адчувае ён сябе нармальна — ёсць свежае паветра.  Акрамя таго, кормяць лепш, чым у магілёўскай турме. Мікалай, паводле слоў бацькі, бадзёры.

"Ён цудоўна разумее, што гэтага варта было чакаць. Хоць, шчыра кажучы, ён чакаў, што будзе досыць спакойная абстаноўка. Але, мабыць, ёсць указанне ціснуць на яго", — выказаў меркаванне Аляксандр Дзядок.

Нагадаем, 33-гадовага блогера і анархіста Мікалая Дзядка затрымалі ў лістападзе 2020. Пры затрыманні яго моцна збілі. Праз год у лістападзе 2021-га палітвязня асудзілі на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Яму ставілі ў віну тры артыкулы Крымінальнага кодэкса: арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (арт. 361) і незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў з выкарыстаннем гаручых рэчываў (арт. 295-3). Мікалай не прызнаў віну ні па адным артыкуле. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі