"Наблізіцца панюхаць парфуму за вушкам — форма харасмэнту": даклад

Даследаванне паказала, што большасць жанчын замоўчвае выпадкі харасмэнту

Даследаванне паказала, што большасць жанчын замоўчвае выпадкі харасмэнту / Open AI

Беларуская актывістка і феміністка Наста Базар і "Прававая ініцыятыва" апыталі беларусак у эміграцыі і высветлілі, што большасць з іх сутыкаліся з харасмэнтам — у грамадскім актывізме, журналістыцы, палітыцы, праваабароне.

Расказаць пра свой досвед прыставанняў, сальных каментароў, непажаданых абдымкаў або плясканняў па ягадзіцах пагадзіліся 39 жанчын праз гугл-апытальнік і яшчэ 8 жанчын — у глыбінным інтэрв'ю. Карціну даследавання дапоўнілі 4 інтэрв'ю з эксперткамі ў тэме абароны правоў жанчын.

Чаму пра гэта загаварылі? Аўтары дакладу мяркуюць, што імкненне да "Новай Беларусі" немагчымае без змены культуры і стаўлення да жанчын:

"Харасмэнт у беларускай грамадзянскай супольнасці ў эміграцыі гэта не проста прыватны выпадак асобных інцыдэнтаў, а адлюстраванне сістэмных праблем культуры, заснаванай на патрыярхальных устаноўках і нармалізацыі гвалту.

Толькі адкрытае прызнанне праблемы і ўкараненне механізмаў абароны дапамогуць стварыць умовы, дзе барацьба за свабоду не будзе азмрочаная ігнараваннем правоў чалавека і годнасці жанчын".

 

Вось што ўдалося высветліць

Бальшыня жанчын сутыкалася з харасмэнтам з боку кіраўнікоў або калегаў. Ён выяўляўся ў сексуалізаваных каментарах, у дотыках без згоды, навязлівай увазе, у запрашэннях у месца, дзе трэба будзе застацца ўдваіх, інтымнай перапісцы і фотаздымках.

"56,1% жанчын заявілі пра падобны досвед. Аднак у далейшым, адказваючы на ўдакладняюльныя пытанні, высветлілася, што 79% усіх рэспандэнтак хоць раз у жыцці зазнавалі той ці іншы від харасменту. Гэта кажа пра тое, што жанчыны не заўсёды асацыююць дзеянні, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да іх, як харасмэнт", — гаворыцца ў дакладзе.

Расказаць пра гэта камусьці адважыліся менш за палову рэспандэнтак.

Астатнія замоўчвалі, бо баяліся наступстваў — напрыклад, страты працы, што ў эміграцыі спалучана з асаблівай трывогай. Ці не ведалі, як сябе можна абараніць, пагатоў у чужой краіне. Ці проста лічылі прыставанне хай і непрыемнай, але звычайнай, нармальнай з'явай, да якой не варта ставіцца сур'ёзна.

Былі і іншыя прычыны заплюшчыць вочы на гэта.

"Мы змагаліся за рэвалюцыю, таму людзі баяцца расчаравацца і абараняюць тое, што дзеецца", — такое меркаванне агучыла адна з удзельніц апытання са сферы НДА.

"Фінансавы момант вельмі важны. Я не магла знайсці працу, таму працягвала трываць", — прызнаецца яшчэ адна жанчына.

Перадусім, трэба як мага шырэй інфармаваць жанчын, што яны не павінны цярпець тое, што ім не падабаецца. Варта навучаць дзяўчынак, дарослых жанчын абараняць асабістыя межы.

"Трэба, каб пра гэта гаварыла як мага больш людзей – пацярпелыя, юрысты/кі, псіхолагі/ні, адвакаты/кі, бацькі і маці пацярпелых, дзеці, прадстаўнікі/ніцы ўлады, журналісты/кі. Толькі калі праблема будзе агучана з розных бакоў, жанчыны змогуць усвядоміць: гэта было не нормай, не выпадковасцю, а праявамі харасмэнту, які мае структурныя прычыны.

Напрыклад, звыклыя "жарты" ці дакучлівыя "кампліменты", ці "наблізіцца і панюхаць парфуму за вушкам" могуць здавацца бяскрыўднымі да таго часу, пакуль грамадства не пачне абмяркоўваць, што гэта з'яўляецца формай харасмэнту", — лічаць аўтары дакладу.

Парушэнні мае сэнс дакументаваць, бо гэта можа пацягнуць юрыдычную і рэпутацыйную адказнасць.

І трэба дамагацца змены парадыгмы, у якой мужчыны лічаць такія паводзіны прымальным, а жанчыны — абясцэньваюць тое, што адбываецца.

"Важна пачаць адкрыта гаварыць пра харасмэнт, ствараць прасторы для абмеркавання і празрыстыя механізмы абароны. У адваротным выпадку гвалт працягне заставацца нормай для большасці. Толькі шматгалоссе і структурны падыход могуць дапамагчы пацярпелым, а таксама паспрыяць зніжэнню талерантнасці да гвалту.

Таксама, варта адзначыць, што абарона правоў чалавека ўключае ў сябе абарону правоў жанчын.

Гендарная дыскрымінацыя з'яўляецца парушэннем правоў чалавека, а харасмэнт, у патрыярхальным грамадстве – формай гендарнай дыскрымінацыі, часам – гендарна абумоўленым гвалтам. З гэтай прычыны, варта памятаць, што абарона правоў чалавека наўпрост звязаная з абаронай правоў жанчын", — падсумоўваюць даследаванне аўтары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі