Нацбанк загадаў разблакаваць рахункі тым, хто атрымаў грошы ад фонду BY_help
Беларусы, якія атрымлівалі грашовую дапамогу ад фонду BY_help, у лістападзе сутыкнуліся з блакаваннем сваіх картак. Пры гэтым на іх рахунках былі замарожаныя грошы ў суме дапамогі, атрыманай ад BY_help. Калі грошай на рахунку не хапала, баланс карткі сыходзіў у мінус. У выніку гэтага арышту некаторыя людзі не маглі атрымаць пенсіі і дапамогі: яны спісваліся ў кошт атрыманай раней выплаты ад BY_help.
Цяпер гэтыя карткі пачынаюць разблакоўваць, піша TUT.by са спасылкай на адзін з банкаў. Гэта звязана з тым, што Нацбанк і Следчы камітэт удакладнілі механізм накладання арышту на выплаты ад BY_help.
Ліст з Нацбанка быў разасланы на пачатку снежня.
"Там выразна прапісана, што грашовыя сродкі, якія паступаюць з іншых крыніц, арышту не падлягаюць. Калі грошы былі атрыманыя з крыніцы, якая падлягае арышту, і выкарыстаны, то іх пакрыццё з іншых крыніц не прадугледжваецца. У лісце было апісана некалькі сітуацый. У прыватнасці, адна з іх такая: грошы прыйшлі з крыніцы, якая падлягае арышту, былі цалкам выдаткаваныя і адсутнічаюць на рахунку. Праз нейкі час на рахунак паступілі грошы з іншай крыніцы: гэта можа быць заробак, пенсія, дапамога, іншыя пералічэнні. Яны не падлягаюць арышту. Таму банкі перагледзелі ўмовы арышту і знялі блакавання", — патлумачылі ў банку.
Раней паведамлялася, што Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на заснавальніка BY_help Аляксея Лявончыка, які жыве за мяжой. Яго падазраюць у фінансаванні пратэставых акцый у Беларусі — менавіта так у СК называюць пералічэнні грошай ад BY_help. Па гэтай крымінальнай справе Следчы камітэт арыштаваў 1,4 мільёна рублёў на рахунках беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.