"Народны альбом": Мы — іншыя, песні тыя ж (фота з рэпетыцыі)
На ўваходзе ў студыю ў падвале на мінскай вуліцы Варанянскага — пар 50 абутку. На любы густ. Сёння тут рэпетуюць "Народны альбом", прычым, цэлым аркестрам. Кіруе працэсам Лявон Вольскі — ён адказны за музычную частку вялікага дзейства, якім стане шоў, якое пройдзе 4 верасня ў Падляшскай оперы ў Беластоку. Там чакаецца грандыёзны юбілей першага беларускага музычнага праекта.
"Шчыра кажучы, я эйфарыю адчуваю, — у перапынку прызнаецца Вольскі. — Такім складам гэта ніколі не гралася. Але я гляджу, што ўсё складваецца, з музычнага боку, прынамсці".
Сёння тут першая рэпетыцыя поўным складам (дагэтуль кожны "элемент" разбіраў ноты): касцяк Apple Tea, квартэт "Акварэль" (кантрабас, габой, скрыпка, альт), Сяргей Канановіч з мандалінай, Павел Кузюковіч з сябрам-трамбаністам, дзве бэк-вакалісткі, Лявон, Кася Камоцкая і Зміцер Вайцюшкевіч з кларнетам і дудачкай, Вераніка Круглова, Сяргей Ахрамовіч і Аляксандр Памідораў — на пад'ездзе. Адну за адной музыкі праганяюць песні, якія набываць новае, больш сучаснае гучанне.
Напрыклад, "Аліцыя" гучыць яшчэ больш кранальна, чым у арыгінале. Кася Камоцкая кажа, што словы гэтай песні амаль цалкам памятае. А вось іншыя пазабывалася:
"Мне трэба будзе іх ці вучыць, ці ставіць пюпітр. Мы — іншыя. Песні — тыя ж".
Праца кіпіць. За шклянымі дзвярыма гучаць "Раз, два тры", "Кантрабандысты", музыкі ўзгадняюць тэмпы, бывае, па некалькі разоў прайграюць уступ, жартуюць, вырашаюць, як спяваць "Простыя словы" — па два радкі ці куплетамі. А ў малым пакойчыку, што з абуткам, Алена Ігруша (яна адказвае за касцюмы і сцэнаграфію канцэрта) кіруе прымеркай на Змітра Вайцюшкевіча вобраза аргентынскага эмігранта. Яму падабаецца такая сустрэча са старымі сябрамі:
"Для мяне гэта радасць — паглядзець на ўсе нашы вар'яцтвы, якія адбываліся 20 гадоў таму, свежымі, больш дарослымі вачыма. Але практыка паказвае, што не заўсёды музыка якасная, зробленая праз 20 гадоў, адпавядае пажаданням аўдыторыі. Аднак я ўсё ж рад, што яна стала больш якаснай".
Адраджэннем "Народнага альбома" займаецца тэлеканал "Белсат". З музыкамі падпісаныя кантракты. Праўда, лічыць Вайцюшкевіч, удзел у праекце — хутчэй, на сяброўскіх пачатках, як было і ў 97-м, калі ўсё пачыналася. І ў гэтым таксама ёсць свой плюс:
"На Захадзе ёсць фэсты, дзе музыкі прынцыпова выступаюць бясплатна. Іншыя рэчы, як сяброўства і музыка, цяпер выходзяць на першы план".
Музыкі, якія занялі месца "энэрэмаўцаў" і цяпер акампануюць Вольскаму і кампаніі, у захапленні ад таго, што адбываецца. Хаця далёка не ўсе да моманту запрашэння ў праект мелі ўяўленне, што такое "Народны альбом". Напрыклад, 25-гадовыя бэк-вакалісткі Вольга і Аляксандра ніколі не былі на канцэртах праекта (і не дзіва, бо апошні раз канцэрт граўся ў 2008-м), але адна з іх чула песні з яго ў дзяцінстве, а другая вывучала ва ўніверсітэце ў межах прадмета "беларуская музыка".
А для музыкаў Apple Tea ўдзел у праекце — і новы досвед:
"Граць альбом проста, музыка падобная да вясельнай. Але сыграць тры ноты і правільна, каб яны былі на сваім месцы, таксама патрэбны прафесіяналізм", — распавядае бубнач гурта Аляксандр Сапега.
Усе музыкі, якія ўдзельнічаюць у адраджэнні "Народнага альбома", мараць пракаціць яго па Беларусі, паказаць у "Палацы рэспублікі", філармоніі, а таксама завезці ў Маскву і Вільню. Тым больш, па задуме аўтараў "рэюніяна", там будзе не толькі, што паслухаць, але і паглядзець. Касцюмы ў каларадскія жукі, масоўка, сцэнаграфія, магчыма, запрошаныя акцёры. Але пра тое, што будзе на сцэне, і музыкі, і рэжысёр пакуль маўчаць.
"Мне вельмі падабаецца "Народны альбом", таму што ў ім ёсць перадусім сэрца, душа, вялікая музыкальнасць, мудрасць, да таго ж, у ім можна пастаянна вышукваць розныя падтэксты, — кажа Конрад Смуга, вядомы польскі тэлерэжысёр, які займаецца праектам. — Мяркую, што праект не трэба рабіць за вельмі сучасным, каб не забіць дух, які там ёсць. Мне падаецца, у гэтым няма патрэбы".