Настаўніца мінскай гімназіі, на якую напаў вучань, звальняецца
Настаўніца рускай мовы і літаратуры, на якую ў траўні 2016 года напаў вучань, з 1 верасня пакідае працу. Пра гэта паведамляецца на старонцы падтрымкі Даната Скакуна ў сацсетках.
Як удалося даведацца журналістам партала tut.by, Валянціна Уладзіміраўна была ў адпачынку, які афіцыйна заканчваецца 28 жніўня. Ёй застанецца дапрацаваць чатыры дні да пачатку навучальнага года, пасля чаго яна сыдзе.
Паведамляецца, што настаўніцы 58 гадоў. Апошнія 12 гадоў яна адпрацавала ў мінскай гімназіі №74.
Нагадаем, здарэнне адбылося ў траўні 2016 года. Паведамлялася, што гімназіст напаў на настаўніцу з нажом і нанёс ёй 17 удараў. У красавіку 2017-га Мінгарсуд прызнаў Даната вінаватым у гэтым нападзе. За замах на забойства падлетка асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Паседжанні суда адбываліся ў закрытым рэжыме. Пасля суда настаўніца заявіла, што прабачыла вучня і прасіла на судзе літасці да яго.
Вядома, што пасля нападу Валянціна Уладзіміраўна вярнулася працаваць не толькі ў гімназію № 74, але і ў той самы клас, дзе адбылася трагедыя.
19 верасня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзіць апеляцыю па справе гімназіста.
Следчы камітэт паабяцаў агучыць сваю пазіцыю па гэтай справе пасля 19 верасня.