Асуджанаму гімназісту Данату Скакуну дазволілі здаць іспыты

Асуджанаму гімназісту Данату Скакуну дазволілі здаць іспыты

Гімназісту Данату Скакуну, асуджанаму на восем гадоў за напад на настаўніцу, дазволілі здаць іспыты. У калоніі ён зноў пачаў навучацца ў дзявятым класе. 

У каментары "Беларускаму партызану" бацькі Даната паведамілі: "Гэтая навіна стала вялікай радасцю для нашага сына. Іспыты ў яго будуць прымаць у школе пры выхаваўчай калоніі".

Нядаўна бацькі ўбачылі сына ў калоніі: ім дазволілі першае спатканне. Па іх словах, хлопец стараўся іх падбадзёрваць і трымацца. 

"Усяго належыць восем кароткатэрміновых спатканняў па чатыры гадзіны і чатыры сутачныя ў год. Колькасць спатканняў, як мы зразумелі, залежыць ад цяжкасці артыкула. Зараз чакаем наступнага спаткання і лістоў ад Даната", — распавялі бацькі гімназіста.

Здарэнне адбылося 23 траўня 2016 года. У мінскай гімназіі №74 адбыўся напад на настаўніцу рускай мовы Валянціну Губарэвіч. Вінаватым у нападзе суд прызнаў дзевяцікласніка Даната Скакуна. Яго асудзілі на восем гадоў зняволення. Пакаранне хлопец адбывае ў Бабруйскай выхаваўчай калоніі.

Бацькі і некаторыя прадстаўнікі грамадскасці не вераць у бесстароннасць следства і справядлівасць прысуду. Следства так і не знайшло нож, якім былі нанесеныя ўдары настаўніцы. Відавочцы, якія бачылі гімназіста ў той дзень, казалі, што ён быў абсалютна спакойным, слядоў крыві на ім бычна не было. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі